Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ме́ншаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Рабіцца меншым, памяншацца; спадаць; убываць. Калона меншала, і ўсё бліжэй чуліся стрэлы. Сачанка. Машыніст біў і біў струменем у агонь, і той з кожнай секундай усё меншаў і меншаў. Васілёнак. Лета ішло на спад, дні прыкметна меншалі. Навуменка.

ме́ншы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.

2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.

3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.

•••

Па меншай меры гл. мера.

ме́ншыцца, ‑шыцца; незак.

Разм. Рабіцца меншым.

ме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., што.

Разм. Рабіць меншым; памяншаць. На хвіліну пакідаецца работа, адстаўляюцца піўныя пляшкі, вёдры з півам, пакідаецца солад і нават печ меншыць свой агонь. Мурашка.

меню́, нескл., н.

1. Набор страў да абеду, снедання і інш. Люся не стрымалася і запыталася, як там мама. — А што ёй? — адмахнуўся повар. — Хутка сама ля катлоў будзе ўпраўляцца. І меню будзе сама складаць. Даніленка.

2. Лісток, на якім пералічаны стравы (у сталовай, рэстаране, кафэ). Хапіўшы на ляту са стала меню, да чалавека паляцела Люся і здалёк спытала: — Вам што? Карпюк.

[Фр. menu.]

ме́ра, ‑ы, ж.

1. Адзінка вымярэння. Меры даўжыні. Мера часу.

2. Народная назва адзінкі ёмістасці для чаго‑н. сыпучага, якая раўнялася прыблізна пуду збожжа; пасудзіна, якой мералася што‑н. сыпучае. Мера мукі.

3. Тое, чым вымяраюць што‑н.; мерка, крытэрый. Вымяраць кожны свой крок высокай мерай ідэалаў камунізма — такое патрабаванне ленінскай навукі кіравання будаўніцтвам новага грамадства. «Звязда».

4. Велічыня, ступень. Аканом меў дачыненні да Сімонавых спраў у такой жа меры, як Сімон да спраў Дгебуадзе. Самуйлёнак. // перан. Вызначаны рубеж, граніца. Мера цярплівасці.

5. Дзеянне або сукупнасць дзеянняў, сродкаў для ажыццяўлення чаго‑н. Прыняць меры. Вышэйшая мера пакарання. □ Папярэджанне, вымова, штраф на некалькі працадзён былі частымі мерамі ўплыву на нядбайнікаў. Дуброўскі.

•••

Квадратныя меры — меры плошчы.

Кубічныя меры — меры аб’ёму.

Лінейныя меры — меры даўжыні.

Метрычная сістэма мер гл. сістэма.

Без меры — а) у вялікай колькасці, вельмі многа; б) у вялікай ступені, бязмерна.

Ведаць (знаць) меру гл. ведаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Мера і вера — дакладна. — А колькі табе, Андрэй, [за малатарню] плаціць? — запытаўся Юзік у Пошты. — У мяне мера і вера: пуд у дзень давай. Крапіва.

Не ў меру — больш, чым трэба.

Ні ў якой меры — ніяк, ніякім чынам.

Па меншай меры — не менш чым. [Галчанаў:] — Цяпер я быў бы па меншай меры дырэктарам завода. Васілёнак.

Па меры сіл (магчымасцей) — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.

Перабраць меру гл. перабраць.

Поўнаю мераю (плаціць) — столькі ж, колькі было атрымана.

У адной меры — без змен.

У меру — дастаткова. [Цімафей Міронавіч] убачыў жанчыну пакору і звярнуўся да яе тонам у меру строгім, але такім, які даваў зразумець, што .. усё ідзе па-ранейшаму. Зарэцкі.

ме́ранне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мераць.

ме́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад мераць.

мерапрые́мства, ‑а, н.

Арганізаванае дзеянне або сукупнасць дзеянняў, накіраваных на дасягненне якой‑н. мэты. Першым важнейшым сацыяльна-эканамічным мерапрыемствам рабочага класа, які прыйшоў да ўлады, з’яўляецца экспрапрыяцыя экспрапрыятараў. «Звязда». [Васіль] прапанаваў калгаснікам мерапрыемствы, якія павінны былі хутка ўзняць эканоміку калгаса. Шамякін.

ме́рацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Супастаўляць, параўноўваць сябе з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Мерацца сілаю. □ Славаю мерацца з мудрымі Сціпласць мая не дазволіць. Гаўрусёў.

2. Вымяраць свой рост.

3. Зал. да мераць (у 1, 3 знач.).