медыкаме́нты, ‑аў; адз. медыкамент, ‑а, М ‑нце, м.
Лячэбныя сродкі, лякарства. [Доктар:] Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва.
[Ад лац. medicamentum.]
ме́дыум 1, ‑а, м.
Паводле забабонных уяўленняў спірытаў — пасрэднік паміж людзьмі і «духамі».
[Ад лац. medius — сярэдні.]
ме́дыум 2, ‑а, м.
Сярэдні рэгістр жаночага пеўчага голасу.
[Ад лац. medius — сярэдні.]
медыцы́на, ‑ы, ж.
1. Сукупнасць навук аб хваробах, іх лячэнні і прафілактыцы. Касмічная медыцына. □ [Падацюк:] — Вера была санітаркай у партызанах, медсястрой, бачыла работу ўрачоў, палюбіла медыцыну. Дуброўскі.
2. Разм. Пра медыцынскага работніка, урача. [Косця] з дакорам кідаў .. [Надзі]: — Эх ты, медыцына! Лынькоў.
[Лац. medicina.]
медыцы́нскі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з медыцынай. Медыцынскія ўстановы. Медыцынскі факультэт. // Звязаны з дзейнасцю ўрача. Медыцынскія абавязкі. Медыцынская дапамога. // Які выкарыстоўваецца ў медыцыне, звязаны з лячэннем; лячэбны. Медыцынскія прэпараты.
•••
Медыцынская сястра гл. сястра.
меды́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да медык. Неяк на студэнцкі навагодні вечар медычкі запрасілі [студэнтаў] з педагагічнага. Шчарбатаў.
меды́чны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і медыцынскі. Медычны тэрмін. Медычная дапамога.
медыя́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які знаходзіцца ў сярэдзіне чаго‑н.; пасярэдні. Медыяльная група мышцаў.
[Ад лац. medialis — які знаходзіцца пасярэдзіне.]
медыя́на, ‑ы, ж.
1. У геаметрыі — прамая лінія, якая злучае вяршыню вугла трохвугольніка з сярэдзінай процілеглай стараны.
2. У статыстыцы — велічыня, што знаходзіцца ўсярэдзіне рада велічынь, размешчаных па ўзрастаючай або сыходнай лініі.
[Ад лац. mediana — сярэдняя.]
медыя́тар 1, ‑а, м.
Спец. Тонкая пласцінка (касцяная, цэлулоідная і г. д.) з завостраным канцом, якой іграюць на некаторых струнных музычных інструментах. Каля веснічак .. [Хвядзько] спыняўся, кратаў медыятарам струны і прыслухоўваўся. Лобан.
[Ад лац. mediator — пасрэднік.]
медыя́тар 2, ‑а, м.
Спец.
1. Пасрэднік (звычайна ў дыпламатычных адносінах, гандлёвых пагадненнях).
2. Рэчыва, якое перадае нервовы імпульс з нервовых клетак да рабочых органаў жывёльнага арганізма.
[Ад лац. mediator — пасрэднік.]
медыя́цыя, ‑і, ж.
Спец. Міжнароднае пасрэдніцтва, мірны спосаб вырашэння міжнародных спрэчак пры дапамозе савета і садзейнічання дзяржавы, якая не ўдзельнічае ў спрэчцы.
[Лац. mediatio — пасрэдніцтва.]