Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

...крылы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: а) які мае столькі крылаў (у 1, 2 і 3 знач.), колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: двухкрылы; б) які мае такое крыло (у 1, 2 знач.), характарыстыка якому дадзена ў першай частцы, напрыклад: лёгкакрылы, чырванакрылы.

...логія, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных назоўнікаў, якая абазначае: «навука», «вучэнне», «веды», напрыклад: біялогія, псіхалогія, філалогія.

[Ад грэч. lógos — слова, думка, мова, розум.]

...манія, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае любоў, цягу да таго, аб чым гаворыцца ў першай частцы, напрыклад: графаманія, наркаманія.

[Грэч. mania — шаленства, захапленне, цяга.]

...метр, ‑а, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якія абазначаюць: 1) працягласць у столькі метраў ці ў такую частку метра, колькі паказана ў першай частцы слова, напрыклад: кіламетр, сантыметр і інш.; 2) прыбор, інструмент для вымярэння таго, што паказана ў першай частцы слова, напрыклад: тэрмометр, каларыметр; 3) спецыяліста ў галіне навукі, назва якой канчаецца на ...метрыя, напрыклад: геометр.

[Фр. mêtre, ад грэч. metron — мера.]

...метражны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных прыметнікаў са значэннем: мець такі метраж, які паказаны ў першай частцы слова, напрыклад: кароткаметражны, поўнаметражны.

...метрыя, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных назоўнікаў, якія маюць значэнне вымярэнняў, напрыклад: геаметрыя, планіметрыя.

[Ад грэч. metréō — мераю, вымяраю.]

...скоп, ‑а, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае назву апаратаў і прылад для назірання, напрыклад: мікраскоп, тэлескоп.

[Ад грэч. skopéō — назіраю.]

...сортны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае: такога сорту, які ўказаны ў першай частцы слова, напрыклад: першасортны, высакасортны.

...соценны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая ўносіць значэнне: які змяшчае столькі соцень, колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: трохсоценны, васьмісоценны.

...страх, ‑у, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «страхаванне», напрыклад: дзяржстрах, сацстрах.