чо́ха, ‑і, ДМ чосе, ж.
Верхняе мужчынскае адзенне каўказцаў, падобнае да чаркескі, але са стаячым каўняром і рукавамі да локця. Сагнуўся нават рог аленя, Дзе чохі доўгія вісяць. Усё сышлося пакаленне Шалеў ў войска выпраўляць. Калачынскі.
чо́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Утвараць глухія адрывістыя гукі (пра рухавік, гадзіннік, сякеру і пад.). Недзе працавіта чохкаў рухавічок і з посвістам скуголіла цыркулярка. Сабаленка. Над акенцамі білетнай касы бойка чохкалі просценькія з прычэпленай гайкай-падвескай ходзікі і паказвалі ні многа ні мала — дзевяць. Ракітны. Шоргалі звонкія пілы, гахалі і чохкалі сякеры, цвыркалі скоблі. Машара.