ча́йкавыя, ‑ых.
Сямейства вадаплаўных птушак, да якога адносяцца чайкі.
чайна́я, ‑ой, ж.
1. Грамадская сталовая, дзе наведвальнікі могуць выпіць чаю і паесці. Шафёр спыніў машыну каля чайной. Тут можна было выпіць шклянку чаю, перакусіць. Ермаловіч. Яўген вылез з аўтобуса, забег у чайную, выпіў шклянку гарбаты і весела паджгаў у вёску. С. Александровіч.
2. Уст. Пакой, у якім п’юць чай. Талерка стаіць на століку ў чайной (так завецца маленькі пакой, дзе гатуюць чай). Васілевіч.
чайнво́рд, ‑а, М ‑дзе, м.
Род задачы-галаваломкі на адгадванне слоў, размешчаных у клетачках такім чынам, што апошняя літара папярэдняга слова з’яўляецца першай літарай наступнага і г. д.
[Англ. chain — ланцуг і word — слова.]
ча́йнік, ‑а, м.
Пасудзіна з носікам і ручкай, у якой заварваюць чай або гатуюць ваду. Чайнік на прымусе кіпеў, аж пырскаў. Лобан.
ча́йніца, ‑ы, ж.
Пасудзіна для захоўвання сухога чаю.
ча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чаю (у 1 знач.). Чайны ліст. Чайная заварка. □ Па пясках былых мы рыс пасеем, Выгадуем чайныя кусты. Панчанка. [Нор] доўга жыў з маці на чайнай плантацыі, дзе акрамя іх было многа іншых неграў. Шамякін. // Звязаны з вытворчасцю, апрацоўкай, захоўваннем, продажам чаю. Чайная справа. Чайная фабрыка.
2. Які служыць для піцця чаю (у 2 знач.). Чайная лыжка. Чайны сервіз. □ Па маленькім круглым століку .. быў пастаўлены чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне. Ваданосаў.
•••
Чайная ружа гл. ружа.
Чайны грыб гл. грыб.
чайхана́, ‑ы, ж.
Чайная (у 1 знач.) у краінах Сярэдняй Азіі і ў Іране. Падышах памаленьку праз горад ідзе, на сады пазірае, на розных людзей. Як працуюць яны, як гуляюць яны... Так, урэшце, дайшоў да адной чайханы. Дубоўка. Па лепшай зурне ў чайхане Вас прывітаюць там [у кішлаках]. Броўка.
чайха́ншчык, ‑а, м.
Утрымальнік чайханы або чалавек, які прыслужвае ў чайхане, падае стравы.
чака́, ‑і, ДМ чацэ, ж.
Дэталь, якая замацоўвае ўзрывальнік ручной гранаты для засцярогі ад нясвоечасовага выбуху. Рыгор узяў паданы Арэшкам канец шнура, прымацаваў яго да чакі ўзрыва[льніка]. Краўчанка. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўварвалася. Яўген, не выцягнуў чаку. Новікаў.
чака́льны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з чаканнем; які выражае чаканне; насцярожаны. Чакальная тактыка. Чакальная поза. □ Клопікаў .. глядзеў на Вейса тым чакальным і лагодным позіркам, якім глядзяць на гаспадара добрыя спраўныя сабакі. Лынькоў.