Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фа́була, ‑ы, ж.

Паслядоўны паказ падзей, здарэнняў і пад. у мастацкім творы; схема развіцця мастацкага твора. Я .. ніяк не мог вызваліцца ад уражання, што слухаю зусім другога чалавека, чую зусім другі расказ, падобны да першага толькі сваёй знешняй фабулай. Шамякін. // Кароткі змест, пераказ чаго‑н. Фабула твора нескладаная. У чулай душы апавядальніка ажывае «жыцця мінулага пячаць» — успамін аб дзяўчынцы Вераніцы. Лойка.

[Ад лац. fabula — апавяданне, гісторыя.]

фа́бульнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фабульнага: наяўнасць развітай фабулы.

фа́бульны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фабулы. У рамках асноўных сюжэтных ліній выяўляюцца знешнія, фабульныя сувязі, якія складаюцца з падзей у жыцці герояў. Дзюбайла.

фабуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і фабульны.

фавары́т, ‑а, М ‑рыце, м.

1. Любімец важнай уплывовай асобы, пратэкцыю якой ён выкарыстоўвае для сваёй выгады. Адсекшы галаву каралеўскаму фаварыту і інтрыгану, паўстанцы пасадзілі яе на піку і паехалі па ваколіцах Гродні, Слоніма, Мінска вербаваць аднадумцаў. «Полымя». // Уст. Любоўнік знатнай жанчыны. // Той, каму аддаюць перавагу, кім цікавяцца больш за іншых; улюбёнец каго‑н. Фаварыт публікі.

2. У спорце — той, хто мае найбольшыя шансы на першынство (звычайна пра коней). Рысак-фаварыт атрымаў першы прыз.

[Іт. favorito ад лац. favor — прыхільнасць.]

фавары́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фаварыт.

фаварыты́зм, ‑у, м.

Становішча, пры якім усё абумоўлена роляю, уплывам фаварытаў (у 1 знач.); вылучэнне, падтрымка фаварытаў. У тэатрах панаваў фаварытызм.

[Фр. favoritosme.]

фаверо́ль, ‑і, ж.

Французская парода мясных курэй. // Курыца такой пароды.

[Ад геагр. назвы.]

фаво́р, ‑у, м.

Кніжн. Прыхільныя адносіны знатнай асобы да каго‑н. Усіх дзівіла, што .. [Загорскі] нічога не атрымаў за той фавор. Гэта было дзіўна, бо ўсе памяталі вочы імператрыцы, якімі яна глядзела на яго пры развітанні. Караткевіч.

•••

У фаворы ў каго — пад апекай, заступніцтвам каго‑н. (быць, аказацца і пад.).

[Лац. favor — прыхільнасць.]

фаг, ‑а, м.

Тое, што і бактэрыяфаг.

[Грэч. phagos — пажыральнік.]