та́нкерны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да танкера; з’яўляецца танкерам. Танкернае судна. // Які складаецца з танкераў. Танкерны флот.
танке́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Лёгкая баявая гусенічная браніраваная машына, узброеная кулямётам. Гусеніцы танкеткі ўміналі зямлю, раўнавалі магілу. Лынькоў.
танке́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Суцэльная падэшва, якая патаўшчаецца ад наска да пяткі.
2. толькі мн. (танке́ткі, ‑так). Лёгкі жаночы абутак па такой падэшве.
танкі́ст 1, ‑а, М ‑сце, м.
Ваеннаслужачы танкавых войск.
танкі́ст 2, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто мые танкі 2 на танкеры.
танкі́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да танкіста 1, належыць яму. Танкісцкі камбінезон.
танкля́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць танклявага. Ранейшая, крыху несуразмерная танклявасць .. [Васіля] .. ужо даўно знікла. Кулакоўскі.
танкля́вы, ‑ая, ‑ае.
Не зусім тонкі, танкаваты. З другога боку высокая танклявая елка праціскае скрозь дубовыя галіны свае зялёныя калючыя лапы. Колас. [Вася] выбраўся на дарогу і непадалёк убачыў знаёмую танклявую постаць Валі. Мележ.
та́ннасць, ‑і, ж.
Нізкая цана чаго‑н. Таннасць электрычнай энергіі.
танне́ць, ‑ее; незак.
Станавіцца танным. Ям, залітых вадой, на лузе з кожным годам больш ды больш. Сена ад гэтага не робіцца больш і дровы ў казённым ці ў купецкім лесе не таннеюць. Брыль.
та́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які каштуе мала, недарагі; проціл. дарагі. Танны матэрыял. □ Падарунак быў танны, але на другі ў .. [Алеся] не хапіла б і грошай. Броўка.
2. перан. Які не мае каштоўнасці, пусты. Танная слава. □ [Чорны:] — Калі ёсць праўда, дык будзе і цікавасць. Сапраўдная, а не тая, якую робяць літаратурныя цыркачы, з іх таннымі цыркавымі штучкамі. Мележ.
тано́метр, ‑а, м.
Прыбор для вымярэння крывянога ціску, ціску ўнутры вачэй і танічнага напружання мышцаў.
[Ад грэч. tónos — напружанне і metreō — вымяраю.]