Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

коса... (а таксама каса...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «косы (касы)», напрыклад: косапрыцэльны.

косавуго́льнік, ‑а, м.

Цела або фігура з непрамымі вугламі.

косавуго́льны, ‑ая, ‑ае.

З непрамымі вугламі. Косавугольны трохвугольнік.

ко́сачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Нар.-паэт. Памянш.-ласк. да каса ​1; невялічкая каса. Каса ж мая, косачка, каса русая! Часала я косачку дзевятнаццаць год. З нар.

ко́сінус, ‑а, м.

Адна з трыганаметрычных функцый — сінус дадатковага вугла.

[Ад лац. co — разам і sinūs — крывізна, выгіб.]

ко́ска ​1, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Памянш.-ласк. да каса ​1; невялікая каса. Вось сядзіць насупраць Дубовіка дзяўчына з акуратна заплеценымі коскамі і банцікамі. Сергіевіч.

ко́ска ​2, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Памянш.-ласк. да каса ​2; невялікая каса ​2. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас.

ко́ска ​3, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Знак прыпынку (,), які раздзяляе словы, групы слоў і сказы. Узяў [Віктар Аляксеевіч] ручку, старанна выцер кавалачкам паперы пяро і вельмі акуратна выправіў адну памылку і паставіў дзве коскі. Шамякін.

•••

Кропка з коскай гл. кропка.

ко́смас, ‑у, м.

Сусвет (Сонечная сістэма, зоркі, міжзорнае асяроддзе, галактыкі, міжгалактычнае асяроддзе). // Прастора, якая распасціраецца за межамі зямной атмасферы на вышыні, большай за ≈ 100 км. Пакарэнне космасу. Палёты ў космас.

[Грэч. kosmos.]

ко́смы, ‑аў; адз. косма, ‑ы, ж.

Разм. Пасмы валасоў, звычайна пераблытаныя, скудлачаныя. Белая, стройная рука сястры перабірала пальцамі космы [Рыгоравых] ускудлачаных валасоў. Гартны. З-пад чорнай, старой, аблавухай шапкі віселі роўна падстрыжаныя сівыя космы валасоў. Нікановіч. / Пра жмуты сена, моху і пад. Да парваных вопратак прыстала космамі сена. Бядуля. / Пра клубы, шматкі туману, дыму і пад. З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў.

ко́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць коснага.

коснаязы́касць, ‑і, ж.

Расстройства мовы, якое заключаецца ў няздольнасці правільна вымаўляць гукі; невыразнае вымаўленне. // перан. Няўменне лёгка, свабодна гаварыць; памылкі ў вуснай мове. У мове.. персанажаў выяўляецца праз коснаязыкасць вузкасць і абмежаванасць іх кругагляду. Адамовіч.