Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

клі́пер, ‑а, м.

Быстраходнае марское паруснае судна, якое існавала да канца 19 ст.

[Гал. klipper.]

клі́перскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кліпера.

клі́псы, ‑аў; адз. кліпс, ‑а, м.

Заціскныя завушніцы.

клір, ‑у, м., зб.

Служыцелі культу хрысціянскай царквы. // Царкоўны хор. Сурвілу [Мазавецкі] убачыў ля кліраса: той спрытна падцягваў царкоўнаму кліру. Чорны.

[Грэч. klēros.]

клі́рас, ‑а, м.

Месца для пеўчых у царкве на ўзвышэнні з правага і левага боку царскіх дзвярэй. У першы ж дзень набажэнства прыходзіць пісар у царкву, займае месца на клірасе. Колас.

[Грэч. klēros.]

клі́рык, ‑а, м.

Член кліру; царкоўнаслужыцель.

клі́рынг, ‑у, м.

Разлік за прададзены тавар або выкананую работу не наяўнымі грашамі, а ўлікам узаемных абавязкаў і пажаданняў удзельнікаў; безнаяўны разлік.

[Англ. clearing.]

клісці́р, ‑а, м.

Тое, што і клізма. Ставіць клісцір.

[Грэч. klystēr.]

клісці́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клісціру. Клісцірная трубка.

кліч, ‑у, м.

1. Заклік. Як гром пранёсся кліч: — Таварыш, прэч цара! — Далоў вайну! А. Александровіч. Над краінай прагучаў баявы кліч: усё для фронту! Данілевіч.

2. Крык, вокліч. — Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. Мележ. Аднекуль паляцела безліч чаек і сваім сумным клічам абудзіла наваколле. Броўка.

•••

Кінуць кліч гл. кінуць.