кве́цень, ‑і, ж., зб.
Кветкі (на дрэвах, раслінах, лузе і пад.). З горада на раку ветрык прыносіць пах мёду, пах духмянай ліпнёвай квецені — у Пінску цвіце ліпа. Сачанка. І правільна назвалі вёску Вішнякамі: не бывае той вясны, каб не хаваліся дамы ў белай квецені. Даніленка.
квіеты́зм, ‑у, м.
1. Містычнае, рэакцыйнае вучэнне, якое прапаведуе пакорлівасць, пасіўна-сузіральныя адносіны да жыцця.
2. Кніжн. Абыякавасць, пасіўныя адносіны да жыцця.
[Ад лац. quietus — спакойны.]
квіеты́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Паслядоўнік квіетызму (у 1 знач.).
2. Кніжн. Той, хто схіляецца да квіетызму (у 2 знач.).
квіеты́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які мае адносіны да квіетызму, квіетыста. Квіетычны светапогляд.
кві́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.
1. У музыцы — пятая ступень дыятанічнага гукарада. // Інтэрвал, які ахоплівае 5 ступеней.
2. Самая высокая па тону струна скрыпкі і некаторых іншых музычных інструментаў.
•••
Павесіць нос на квінту гл. павесіць.
[Ад лац. quinta — пятая.]
квінтыльён, ‑а, м.
Умоўная назва ліку — адзінкі з васемнаццаццю нулямі, а ў некаторых краінах (Англіі, Германіі) — трыццаццю нулямі.
[Фр. quintillion.]
квінтэсе́нцыя, ‑і, ж.
Кніжн. Аснова, самая сутнасць чаго‑н. Гэта гісторыя і з’яўляецца ядром апавядання, яго квінтэсенцыяй. «Полымя».
[Ад лац. quinta essentia — пятая сутнасць (у антычнай і сярэдневяковай філасофіі — асноўная сутнасць рэчаў).]
квінтэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.
1. Ансамбль з пяці выканаўцаў (спевакоў або музыкантаў). Вакальны квінтэт.
2. Музычны твор для пяці інструментаў або пяці галасоў. Квінтэт на беларускія народныя тэмы.
[Іт. quintetto.]
квіт, ‑а, М квіце, м.
Разм. Квітанцыя. «Ідзі ў камору і купі сабе столькі пнёў, колькі высек, — казаў .. [бацька] вінаватаму. — Прынясеш квіт, тады забірай, а я пакуль што памаўчу». Лужанін. Мы па-гаспадарску прыглядаемся да дрэў, шукаючы адпушчаных для нас. Звяраем нумар па квіту, і вось яна — наша сасна. Брыль.
кві́та, у знач. вык.
Разм. Канец; усё, даволі; ніякай размовы. — А калі, думаю, крута стане ці што, паставім [бандыта] пад першы дуб і квіта. Лынькоў.