бясфо́рменны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае выразна акрэсленай формы. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Краўчанка. У такія светлыя ночы на моры ходзяць бясформенныя, розных памераў цені. Кулакоўскі. // перан. Невыразным няясны, неакрэслены.
бясха́тнік, ‑а, м.
Разм. Той, хто не мае хаты. У Скіп’ёўскім Пераброддзі аселі і забудаваліся пасля восені дзевяцьсот семнаццатага года тутэйшыя беззямельцы і бясхатнікі. Чорны.
бясхво́сты, ‑ая, ‑ае.
Які не мае хваста; куртаты. Бясхвосты кот, певень.
бясхі́бнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бясхібнага; адсутнасць хібаў, памылак. Бясхібнасць поглядаў. Бясхібнасць вывадаў.
бясхі́бны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае недахопаў, якому неўласцівы хібы. Бясхібныя доказы. Бясхібнае пачуццё.
бясхле́б’е, ‑я, н.
Разм. Тое, што і бясхлебіца. Цяжка было.. [Акіліне] з дачкою выкідацца з бясхлеб’я, з холаду. Вітка.
бясхле́біца, ‑ы, ж.
Адсутнасць, нястача хлеба. З любоўю прыбяры, [хлебароб], усё да каліўца, абмалаці да зярнятка! Каб поўным-поўным былі засекі ў краіне. Каб не зналі, не чулі ў нас пра бясхлебіцу. Хадкевіч.
бясхле́бны, ‑ая, ‑ае.
Для якога характэрны адсутнасць, нястача хлеба. У цяжкія бясхлебныя гады прадала.. [гаспадыня] дом і пераехала ў Ташкент. Васілевіч.
бясхма́р’е, ‑я, н.
Адсутнасць хмар; чыстае неба. Добры жаўранак бясхмар’е Прывітаў Лірычнай гамай І пазваў на неба сонца З-за лясоў, З-за небакраю... Карызна. // перан. Нічым не засмучанае жыццё. Жартавалі іншыя замнога, Што ў бясхмар’і човен наш плыве, Што, нібы за пазухай у бога, Пакаленне юнае жыве. Калачынскі.