бяссо́ннік, ‑а, м.
Разм. Той, хто не хоча спаць уначы. У вагоне было неяк.. зусім ціха. Мо таму, што заядлыя бяссоннікі матросы, якія ўвесь вечар гаманілі і ляскалі ў даміно, стуліўшыся, ківалі галовамі. Сачанка.
бяссо́нніца, ‑ы, ж.
1. Нездаровая адсутнасць сну. Клопікаў часцяком наведваўся ў бальніцу са сваімі раматусамі, бяссонніцамі і іншымі нуднымі старэчымі хваробамі. Лынькоў. // Адсутнасць магчымасці для сну; звязаная з рознымі знешнімі прычынамі. Ад бяссонніцы ўсё яшчэ хіліла спаць, але халодны вецер дапамагаў адганяць сон. Мележ.
2. Жан. да бяссоннік. — Бяссонніца ты мая, — наракае бабуля. Бярэ Лідачку на рукі і садзіцца з ёю на нізкім услончыку. Брыль.
бяссо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які праводзіцца без сну. Ніна Андрэеўна глядзела на.. [мужаў] засмучаны абветраны твар, на чырвоныя ад бяссонных начэй вочы. Якімовіч. // Які не спіць, не хоча спаць. — Няма на цябе ўгамону, бяссонны, — няласкава сустракае.. [свякруха] таго, хто ўвайшоў. Мележ.
бясспрэ́чна,
1. Прысл. да бясспрэчны.
2. у знач. пабочн. Несумненна, вядома. Той каляндар адрыўны, што на сценцы ў бацькоў, — Кніга, бясспрэчна, карысная для хлапчукоў. Куляшоў.
бясспрэ́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бясспрэчнага. Бясспрэчнасць довадаў.
бясспрэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Які не выклікае пярэчанняў, спрэчак; несумненны, відавочны. Бясспрэчная ісціна. Бясспрэчнае палажэнне. Бясспрэчны факт. □ Чалавек без руху і работы нудзіцца, марнее, кажуць філосафы, — гэта ёсць бясспрэчная праўда. Бядуля.
бясстра́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бясстраснага, раўнадушнасць, абыякавасць. Бясстраснасць стылю.
бясстра́сны, ‑ая, ‑ае.
Які пазбаўлены страсці; не выяўляе страснасці. Бясстрасны голас. Бясстрасны твар.