Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бясплённы, ‑ая, ‑ае.

Які не дае плёну; бескарысны, марны, безвыніковы. Бясплённая работа. Бясплённае жыццё.

бяспло́ддзе, ‑я, н.

1. Няздольнасць даваць патомства.

2. Неўрадлівасць (пра глебу). Бясплоддзе глебы.

бяспло́днасць, ‑і. ж.

1. Уласцівасць бясплоднага.

бяспло́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Няздольны даваць патомства; які не дае патомства.

2. Неўрадлівы. Бясплодная глеба. □ Бясплодныя пустыні, дзе нічога не можа расці, пазбаўлены і металу і вугалю. Шахавец.

3. Які не дае вынікаў; бескарысны. Дзед Талаш ускінуў плячамі, ямчэй падаў стрэльбу, яшчэ раз абвёў вачамі навакол і ўжо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні. Колас.

бяспло́тны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які не мае плоці; бесцялесны (паводле рэлігійных уяўленняў пра раздзельнае існаванне цела і душы). — Дзядзя Косця, дзядзя Косця... Гэта ўрэшце не бясплотны дух, не казачны прывід. Пад гэтым імем жыве і.. дзейнічае звычайны чалавек. Лынькоў.

бяспо́крыўны, ‑ая, ‑ае.

Без покрыва, пазбаўлены покрыва. Бяспокрыўная сяўба люцэрны. Бяспокрыўныя травы.

бяспо́лы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае прыкмет полу.

•••

Бясполае размнажэнне гл. размнажэнне.

бяспо́шлінны, ‑ая, ‑ае.

Свабодны ад аблажэння пошлінай. Бяспошлінны гандаль. Бяспошлінны порт.

бяспра́ўе, ‑я, н.

Адсутнасць правоў (грамадзянскіх, палітычных або якіх‑н. іншых). Бяспраўе раба ў рабаўладальніцкім грамадстве. Бяспраўе жанчыны ў капіталістычных краінах. Сацыяльнае бяспраўе.

бяспра́ўнасць, ‑і, ж.

Стан бяспраўнага. Палітычная, бяспраўнасць.