бяро́за, ‑ы, ж.
1. Лісцевае дрэва сямейства бярозавых з белай карой. Расчасаўшы пругкім ветрам косы, Спаласнуўшы ногі у расе, Залатагаловыя бярозы Паўстаюць ва ўсёй сваёй красе. Аўрамчык. Пад сонцам грэліся бярозы У белым тонкім палатне. Бядуля. / у знач. зб. Сярод іншых дрэў тут пераважала бяроза. Шашкоў.
2. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва; матэрыял. Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі? Бядуля.
•••
Карэльская бяроза — від бярозы з прыгожай узорыстай драўнінай на зрэзе.
бяро́завік, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Бярозавы сок. Нахіліўшыся да нязграбнага асінавага карытца, .. [дзяўчына] чэрпае насатым кубкам халодны бярозавік, маленькімі глыткамі п’е салодкі сок. Стаховіч. Помню: ледзь канчаліся марозы, З выраю вярталіся шпакі, Мы гурбою беглі да бярозы Ставіць пад бярозавік латкі. Гаўрусёў.
2. ‑а. Тое, што і падбярозавік.
бяро́завы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да бярозы. Я ведаю вёску адну за Дзвіною, З бярозавым гаем злілася вясною, У студзень і ліпень, у дождж і марозы — За ціхаю вёскай бялеюць бярозы. Вярба. // Зроблены з бярозы. Бярозавая бочка. Бярозавы венік.
2. у знач. наз. бяро́завыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца бяроза, алешына, граб і інш.
•••
Бярозавая каша гл. каша.
бяро́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Памянш. да бяроза; невялікая бяроза.
2. Травяністая расліна сямейства бярозкавых з белымі ці ружовымі кветкамі і павойным сцяблом. Сашнік лёгка шчоўкнуў у мяккі грунт, пераплецены паўзучай бярозкай і хвашчом, падобным на маладыя елачкі. Якімовіч. [Дзяўчаты] хутка пасоўваліся па баразёнках, завіхаючыся з капаніцамі і выбіраючы рукамі свірэпку, пырнік, завілістую бярозку з ружовымі і белымі кветкамі. Лынькоў.
бяро́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
Верхні белы слой бярозавай кары. [Бародка] стаяў на каленях і шчапаў з тоўстага сасновага палена лучыну, клаў яе ў пліту, пасля з бярозавага кругляка абдзёр бяросту, падпаліў. Шамякін. Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прызнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.
бяро́ставы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з бяросты. Напіўся [стары] з бяроставай конаўкі, што ляжала схаванай у алешнікавым кусце. Лынькоў.
бярэ́зінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Ласк. да бярэзіна; невялікая бярэзіна.
бярэ́знік, ‑у, м., зб.
1. Бярозавы лес, хмызняк. На тым баку [рэчкі] бялеў малады бярэзнік, напалову затоплены веснавой паводкаю. Грахоўскі. Ходзіць ён [казёл] па ельніку, Бродзіць па бярэзніку, — Ні капусты, ні салаты Не знаходзіць барадаты. Якімовіч.
2. толькі адз. Бярозавыя дровы, будаўнічы матэрыял з бярозы. Навазіць бярэзніку.
бярэ́ма, ‑а, і бярэ́мя, ‑я, н.
Такая колькасць чаго‑н. (дроў, саломы, бульбоўніку і інш.), што можна абхапіць абедзвюма рукамі і панесці; ахапак. У хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. Забразгала клямка ў сенцах, і цётка ўвайшла ў хату, несучы перад сабою бярэмя дроў. Арабей.