бязмэ́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязмэтнага; адсутнасць мэты. Бязмэтнасць існавання.
бязмэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае пэўнай мэты. [Мішурын і Вялічка] пайшлі далей і яшчэ гадзіны дзве мучыліся ў гэтай бязмэтнай хадзе. Чорны.
бязно́гі, ‑ая, ‑ае.
Які не мае нагі, ног. [Карнейчык:] Падарыце, матачка, бязногаму няшчаснаму калеку. Крапіва. // Разм. Які не валодае нагамі, страціў здольнасць хадзіць. // Разм. Без ножкі, без ножак (пра мэблю). Бязногі стол.
бязно́сы, ‑ая, ‑ае.
У якога няма носа. Бязносы чалавек. Бязносы твар. // Без носіка. Бязносы чайнік.
бязра́даснасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязрадаснага.
бязра́дасны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены радасці; невясёлы. Мы цешымся, калі набліжаемся да такой мяжы, што пакідае за сабою бязрадасны, цяжкі і пакутлівы кавалак жыцця, і пераходзім у другі яго круг — ясны, прываблівы, жаданы. Колас.
бязро́гі, ‑ая, ‑ае.
Які не мае рога, рог. Бязрогая карова. □ Так і цямнеюць на сцяне тыя бязрогія алені, на якія Ніна не можа без грэблівасці глядзець... Даніленка.
бязро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае родных, сваякоў. Бязродны сірата. // перан. Які страціў або парваў сувязь з сваім народам, сваёй краінай. Бязродны касмапаліт.
бязро́сны, ‑ая, ‑ае.
Без расы. Раніца наступнага дня выдалася бязросная, і Аляксей пачаў працу з усходам сонца. Шамякін.