зубаўрачэ́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лячэння зубоў. Зубаўрачэбны кабінет.
зубачы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Завостранае пяро ці палачка для выдалення рэштак ежы, якія заселі ў зубах.
зу́б’е, ‑я, н., зб.
Зубы (у машыне, якой‑н. прыладзе і інш.). Зуб’е бараны. □ Сілівон сядзеў на ахапку сухой асакі.., выстругваў зуб’е для грабляў. Лынькоў.
зубе́ц, ‑бца, м.
1. Востры выступ на інструменце, прыладзе працы, частцы машыны і інш.; зуб (у 2 знач.). Зубцы бараны. □ Вастрыў .. [Мікола] пілу, Зубцы правяраючы строга. Броўка.
2. звычайна мн. (зубцы́, ‑оў). Надбудова на сцяне збудавання ў выглядзе слупкоў, размешчаных на аднолькавая адлегласці. Зубцы крамлёўскай сцяны. // Востры выступ на паверхні, абрысах чаго‑н. Зубцы кардыяграмы. □ Месяц ужо высока плыў над цёмнымі зубцамі зарэчнага бору. Ракітны.
зубі́ла, ‑а, ж.
Ручны інструмент, род долата для апрацоўкі металу і каменю. Адзін рабочы прыстаўляў да прэнта зубіла, другі біў зверху молатам. Чорны. Часта люлькаю пыхкаў, злаваўся і грукаў Малатком па зубілу — разносіўся звон. Высякалі яго працавітыя рукі На каменні слупкі невядомых імён. Ляпёшкін.
зубі́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зубіла. Зубільнае лязо. Зубільнае долата.
зубі́цца, зубіцца; незак.
Зал. да зубіць.
зубі́ць, зублю, зубіш, зубіць; незак., што.
Вастрыць, насякаючы, наразаючы зуб’е. Мікуця на полі не было, ён зубіў у кузні сярпы. Чорны.
зубкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Які мае няроўныя, ломаныя абрысы; зубчасты (у 2 знач.). Хораша распускаюцца яблынькі над вільготнымі шэрымі градамі, зубкаватыя лісточкі бярозы і лапкі памазаных мёдам кляновых лістоў. Брыль.
зу́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зубіць.