чаро́цісты, ‑ая, ‑ае.
Парослы чаротам. А кніжка сапраўды была прыгожая: на вокладцы была намалявана рэчка з чароцістым берагам і чалавек у чоўне, а наўскасяк напісана «Расцяробы». Сабаленка.
чарпа́к, ‑а, м.
1. Коўш, пасудзіна для чэрпання якой‑н. вадкасці. Каля палявой кухні валяліся кацялкі і лыжкі, вялікі медны чарпак. Няхай. Алег узяў чарпак і стаў выліваць з лодкі ваду. Гамолка. // Колькасць, аб’ём вадкасці, які ўмяшчаецца ў такой пасудзіне. Мы трэція суткі ў дарозе, і толькі ўчора ўвечары нам далі па чарпаку цёплай баланды — мукі, размешанай у вадзе. С. Александровіч.
2. Частка машыны, механізма (экскаватара і інш.) у выглядзе каўша, які служыць для выбірання грунту, пароды і пад. Экскаватар уразаўся ў зямлю вялізным чарпаком з жалезнымі зубцамі. Арабей.
чарпа́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Прылада, пасудзіна для чэрпання. — Ты ідзі пакуль з лодкі ваду вычарпай, — распарадзіўся рыбак, — чарпалка там ёсць. Б. Стральцоў.
чарпа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для чэрпання чаго‑н. Чарпальныя машыны.
чарпа́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца чэрпаннем (на прыісках, у папяровай прамысловасці і пад.).
чарпану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да чэрпаць (у 1 знач.).
чарсцве́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. чэрствы.
чарсцве́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. чарсцвець.
чарсцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца чэрствым, больш чэрствым. Хлеб чарсцвее.
2. перан. Траціць чуласць, спагадлівасць. Людзі з цяжкім лёсам ад гора не чарсцвеюць, а робяцца чуллівымі і вельмі спагадлівымі. Грахоўскі.