зміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да змяць.
зміра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да змірыцца.
зміра́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да змірыць.
зміра́ць 2, ‑ае.
Незак. да змерці.
зміры́цца, зміруся, змірышся, змірыцца; зак.
1. Звыкшыся, прымірыцца, пагадзіцца з чым‑н. Алік даўно ўжо змірыўся з думкай, што бацька загінуў на вайне. Дадзіёмаў. Цяжка змірыцца з тым, што здарылася. Галавач.
2. Перастаць працівіцца, настойваць на чым‑н., пакарыцца абставінам. Марына Мікалаеўна змоўкла і вырашыла змірыцца з усім, што робіцца гэтым радасным днём. Кавалёў. — Не магу змірыцца — такія крыўды чыняцца людзям. Колас.
3. Разм. Памірыцца, прымірыцца. — З такімі, як Баўтрукоў, я не зміруся ніколі, ніколі ў жыцці! Савіцкі.
зміры́ць, зміру, змірыш, змірыць; зак., каго-што.
Разм. Памірыць, прымірыць. Змірыць суседзяў. □ — Пажылі б на маім месцы, ведалі б тады, як гэта дзвюх кошак у адным мяшку змірыць. Мыслівец.
змірэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. зміраць — змірыць і змірацца — змірыцца.
змо́ва, ‑ы. ж.
Тайнае пагадненне некалькіх асоб аб сумесных дзеяннях супроць каго‑, чаго‑н. для дасягнення пэўных палітычных мэт. Насельніцтва пачало ўсё больш і больш пераконвацца, што гэта дума з’яўляецца новай змоваю буржуазіі і самаўладства. Колас. // Тайны ўгавор, дамоўленасць. [Наталля:] Дык гэта ж і ёсць змова дваіх супроць трэцяга. Прычым, гэты трэці — чэсны чалавек. Крапіва.
змо́віны, ‑він; адз. няма.
Абл. Заручыны. [Васіль] даведаўся, што былі змовіны, што Ганну прапівалі, прапілі, што яна — не яго, Карчова. Мележ.
змо́віцца, змоўлюся, змовішся, змовіцца; зак.
Дагаварыцца, дамовіцца адносна якіх‑н. дзеянняў. Ліпачка не магла ўтаіць ад бацькі, што яны змовіліся ў школе кожны дзень па чарзе насіць на Арцюхову магілу кветкі. Сабаленка.