зме́нлівы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка і часта мяняецца; няўстойлівы. Я задумаўся тады аб шчасці — якое яно бывае зменлівае і нетрывалае. Хведаровіч. Надвор’е, і тое ніяк не ўсталюецца, нібы зрушылася нешта. Зменлівае было і ўзімку, і ўвесну, не лепшае і цяпер. Карпаў.
зме́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да змены (у 2, 3 знач.); звязаны з работай па зменах. Зменны інжынер. Зменнае заданне. Зменныя брыгады.
2. Які можна змяніць; які перыядычна замяняецца. Зменнае кола. Зменныя лушчыльныя дыскі.
зме́ншаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зменшыць.
зме́ншаць, ‑ае; зак.
Зменшыцца, убавіцца (у колькасці, аб’ёме). Па рэчцы ўгадвалі і надвор’е: зменшала вада пад вечар — заўтра з раніцы будзе дождж. Адамчык.
зме́ншвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да зменшыцца.
2. Зал. да зменшваць.
зме́ншваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зменшыць.
зме́ншчык, ‑а, м.
Той, хто зменьвае каго‑н. на якой‑н. рабоце. Здаўшы плавільную печ зменшчыку, Міхал выйшаў за заводскую браму. Карпаў.
зме́ншыцца, ‑шыцца; зак.
1. Стаць меншым па аб’ёму, колькасці, велічыні. Сям’я зменшылася на аднаго чалавека. □ Завалочаныя туманам берагі як бы аддаліліся і зменшыліся. Савіцкі.
2. Стаць меншым па ступені, сіле, інтэнсіўнасці праяўлення. Боль зменшыўся. □ Дождж зменшыўся і роўна шумеў на саламянай страсе. Чорны.
зме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
1. Зрабіць меншым па аб’ёму, колькасці, велічыні. Зменшыць крок. □ Прыехаў новы гаспадар, пачаў наводзіць у фальварку новыя парадкі, зменшыў і без таго мізэрную плату парабкам, і бацька забраў Андрэя дахаты. Хадкевіч. [Жанчына] зменшыла агонь, каб не выкіпела ў кацялку страва, узяла граблі і пайшла насустрач незнаёмаму. Гурскі.
2. Зрабіць меншым па ступені, сіле, інтэнсіўнасці праяўлення. Кравец павёў пяц[ь] чалавек пад пільню, стараючыся загаварыць, каб зменшыць сваё хваляванне. Чорны. Алесь зменшыў імклівы бег машыны. Ваданосаў.