бядно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.
Тое, што і бедната. Здзек, паняверка, царства тырана Нашую нішчылі сілу; Штык белай Польшчы, найміты пана Гналі бядноту ў магілу. Чарот.
бядня́к, бедняка. м.
Небагаты, незаможны, бедны чалавек. [Элія Бакучава:] — Багаты раз на жыцці памірае — бядняк штодзень. Самуйлёнак. Распрадавалі.. [такароўцы] апошнія здабыткі, каб плаціць адвакатам, зрабіліся беднякамі. Бядуля. // Бедны селянін, якога эксплуатавалі багачы. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, яны [Цітаўна з сям’ёй] выбіліся з беднякоў у сераднякі. Шамякін. Спачатку ўся Гусевіца пайшла ў калгас, адны беднякі арганізаваліся. Асіпенка. Перш за ўсё вельмі падазрона, што на сход закліканы адны толькі беднякі і, што яшчэ больш дзіўна, Мікіта! Колас.
бядня́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бедняка. Бядняцкая гаспадарка. // Які складаецца з беднякоў. Бядняцкая вёска, грамада.
бядня́цтва, ‑а, н., зб.
Бедныя людзі, бедната. Крыві, слёзам канца-меры Бядняцтва не знала. Купала.
бядня́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да бядняк.
бядо́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Бойкі, смелы. [Гарлахвацкі:] Бядовая ты ў мяне, Нюра. Крапіва.
бядо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.
Разм.
1. Бяда, гора. Да ўсіх Галіных бядот дадалася новая, ужо зусім рэальная бяда: стараста паведаміў ёй, каб збіралася ў Германію. Няхай.
2. Матэрыяльныя нястачы, беднасць, галеча, бедната. І тут нейк сама сабою ўспомнілася Панямонь і марная страта грошай, праўда, невялікіх, але ў такой бядоце яны мелі б значную сілу. Колас. І там, дзе гібелі Ў бядоце бясконцай, Жыццё маладое ўстала Нанова. Броўка.
3. зб. Бедната, бедныя людзі.
бядо́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да бядоты; цяжкі, гаротны. Бядотнае становішча. □ Ідзе ён [Назым Хікмет] па сухменнай, бядотнай Анатоліі! Лойка.
бядро́, ‑а; мн. бёдры, ‑аў; н.
Частка нагі ў чалавека або ў жывёліны ад таза да калена. Рана крывавілася на бядры на вяршок вышэй калена. Мележ. // Знешні бок верхняй часткі нагі, таза. [Прузына] паклала рукі на бёдры, адкінула галаву: — А ну, скажы [Красан], што трэба зрабіць, каб затрымаць цвіценне льну? Стаховіч.
бядро́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бядра. Бядровая косць.