Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

здаро́жанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан здарожанага. Стары Няміра стагнаў на саломе — трывога, здарожанасць адабралі ў яго ўсе сілы. Чорны.

здаро́жаны, ‑ая, ‑ае.

Стомлены, замораны дарогай, у дарозе. Дзверы ціхенька адчыніліся, і ў пакой улез здарожаны чалавек у чорным кажушку. Быкаў. // Які выражае стомленасць дарогай. Калі б у гэты момант гаспадар ці гаспадыня паглядзелі на Сяргея, яны заўважылі б, што на твары яго, здарожаным і бледныя, выступіла як у хворага, нездаровая, плямамі, чырвань. Сіўцоў.

здаро́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да здарожыцца.

здаро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здарожыць.

здаро́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Стаміцца, змарыцца ў дарозе. Я здарожыўся, сеў каля хатак, Чакаючы сонейка, У блакнот свой заношу пачатак Вандроўнага дзённіка. Куляшоў. — Сядайце, калі ласка, здарожыліся нябось, — запрасіла Таццяна. Пальчэўскі.

здаро́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

Стаміць, змучыць (у дарозе).

здаро́ў,

гл. здаровы.

здаро́ўе, ‑я, н.

Стан арганізма, пры якім нармальна дзейнічаюць усе яго органы. Берагчы здароўе. Адбіцца на здароўі. Па стану здароўя. Курыць — здароўю шкодзіць. □ Гарцаваць на кані не дазвалялі [дзеду Астапу] ўжо гады і здароўе. Лынькоў. // Пра самаадчуванне, стан каго‑н. Смалістыя бары, верасовыя паляны і лясныя кветкі папаўняць новы горад водарам жыцця і сілы, прынясуць здароўе і радасць жыхарам беларускага нафтагорада. Грахоўскі.

•••

Добрага здароўя — а) пажаданне пры развітанні; б) прывітанне пры сустрэчы. — Добрага здароўя, добрай раніцы, — першымі адказалі Ахрэму жанкі. Кавалёў.

За ваша здароўе — пажаданне таму, за каго паднімаюць тост.

На (добрае) здароўе — адказ-пажаданне гаспадара таму, хто дзякуе за частаванне.

здаро́ўечка, ‑а, н.

Разм. Ласк. да здароўе. — Павел Сцяпанавіч! Добрай раніцы, добрага здароўечка. Шамякін.

здаро́ўканне, ‑я, н.

Разм. Прывітанне пры сустрэчы з пажаданнем здароўя. — Што скажаш? — пачуўся характэрны голас Гартнага ў адказ на маё здароўканне. Лужанін.