бэ́йбус, ‑а, м.
Разм. Тое, што і байбус. [Павел], ужо здаровы бэйбус, заўсёды біўся кіем па галаве. Брыль. [Мальвіна Паўлаўна:] — Ах вы, абібокі! Ах вы, бэйбусы!.. Чаго вы чапляецеся да яго?.. Юрась, Юрачка, ідзі дахаты, сынку! Хадкевіч.
бэ́канне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. бэкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
бэ́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і бляяць (пра авечак). // Чытаць па літарах, па складах, няўмела. Стары і сам трохі пісьменны: калі літары вялікія, дык ён, слібізуючы, бэкае трохі. Крапіва.
бэ́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Аднакр. да бэкаць.
бэ́лечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бэлькі, зроблены з бэлек. Бэлечнае перакрыцце. Бэлечны мост.
бэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Драўляны, жалезны або жалезабетонны брус, які ўмацаваны канцамі ў дзве процілеглыя сцяны або ўстоі і служыць падтрымкай насцілу (падлогі, столі і інш.). Спачатку першыя бэлькі працягнуліся над адным паверхам, потым яны леглі над другім, затым над трэцім. Мележ. Дваццацідвухметровы вежавы кран спрытна падаваў на апошні паверх бетонныя бэлькі і цяжкія, пліты і ўкладваў іх на месца. Грахоўскі. // Трама. — На бэльцы праснака кавалак, дастань ды з’еш з малаком, — заўважыла Ганна, увайшоўшы з Якавам. Лобан. У хаце гарэла лямпа-пяцілінейка, падвешаная да бэлькі над сталом. Васілевіч.
бэ́ра, ‑ы, ж.
1. Пашыраны ў Беларусі сорт позняй грушы, якая прыносіць буйныя жоўтыя салодкія плады. Ужо апранаючыся, [Коля] глянуў праз акно ў садок: ці калыша там вецер галінкі маладых бэр і антонавак? Якімовіч.
2. Плод гэтай грушы. Ранішнімі першымі замаразкамі мерзлі перад вокнамі спелыя бэры. Чорны.
•••
Лошыцкая бэра — беларускі селекцыйны сорт грушы.
Слуцкая бэра — сорт бэры, якая распаўсюджана ў Беларусі на Случчыне.
бэ́рсацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Блытацца; заблытвацца. Бэрсалася ў нагах збажына. Хадкевіч.
бэ́рсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм.
1. Блытаць, заблытваць. Шукаючы травы, бо лугавіна ж голая, як бубен, каровы раз-пораз лезуць у жыта, бэрсаюць авёс, а пан злуе і ганяецца за мною. Бажко.
2. Няўмела або неакуратна вязаць, абвязваць што-н; плесці. — От не ўмешваліся б лепей, тата, не ў сваё. Бэрсаеце сетку, ну і бэрсайце. Пальчэўскі.
бэ́сціцца, бэшчуся, бэсцішся, бэсціцца; незак.
Разм.
1. Аддавацца распусце, распуснічаць. [Лука Якубавіч:] — Вока за.. [моладдзю] патрэбна, увага ёй, каб не бэсцілася залішне. Хадкевіч.
2. Зал. да бэсціць.