Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

звіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да звіць.

зві́вісты, ‑ая, ‑ае.

Які звіваецца; звілісты. Дарога вядзе ад хутара да хутара, мяккая, як атлас, расквечаная блакітнымі лужынкамі, звівістая і няпэўная, як палёт матыля. Караткевіч.

звідна́, прысл.

Разм. Ад світання, з самага рання. Звідна давідна ляскаталі пасы, І пілы звінелі на ўсе галасы. Зарыцкі. Да цямна звідна ў рабоце, Гаспадарыць сам сабе. Бялевіч.

звізі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Накіраваць аптычны або вугламерны інструмент на які‑н. пункт, прадмет.

зві́ліна, ‑ы, ж.

Невялікае скрыўленне, закруглены заварот; загіб. Звіліна ракі. / Пра хвалістыя складкі на паўшар’ях мозгу. Звіліны на кары галаўнога мозгу.

зві́лістасць, ‑і, ж.

Уласцівасць звілістага. Звілістасць рэчышча.

зві́лісты, ‑ая, ‑ае.

Са звілінамі, заваротамі, загібамі. Чорнай звілістай стужкай пракладаў сабе сцежку ў паветры дымок з коміна спіртавога завода. Пестрак. [За алешнікам] пачынаўся луг, бліскала звілістая істужка рэчкі. Шамякін.

звільгатне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў вільготным.

звільгатне́ць, ‑ее; зак.

Стаць вільготным. Паперы ад часу вельмі звільгатнелі, зашмальцаваліся. Гарэцкі.

звінава́ціць, ‑вачу, ‑ваціш, ‑ваціць; зак., каго.

Прызнаць вінаватым; абвінаваціць. Не хачу звінаваціць у нядбайнасці і непавазе да мовы газетных работнікаў агулам. Лужанін.