зваро́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вядзе назад (пра шлях, дарогу). Увесь зваротны шлях абдумваў Барыс просьбу сясцёр і прапанову дырэкцыі волжскага прамысловага прадпрыемства. Лось.
2. Які паўтараецца, аднаўляецца (пра хваробу). Зваротны грып. Зваротны тыф.
3. Які трэба звярнуць, аддаць (пра грашовыя сродкі). Зваротная пазыка.
4. Які мае адносіны да суб’екта дзеяння. Зваротныя дзеясловы.
•••
Зваротны адрас гл. адрас.
зваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да звярнуцца (у 2, 3 знач.).
2. Зал. да зварочваць.
зваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да звярнуць (у 1–5 і 8 знач.).
зварухну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Зрабіць рух целам; варухнуцца, паварушыцца. Зося гэтак задрыжала ад страху, што нават дзіця на руках зварухнулася і заплакала. Чарот. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Зрабіць хуткі, нязначны рух; таргануцца, дрыгнуць (пра часткі цела). Кусцістыя бровы старога зварухнуліся. Даніленка. Ніводзін мускул на твары Лабановіча не зварухнуўся. Колас. // Прыйсці ў лёгкі рух; скалыхнуцца. Досвітак ціхі ў барах, Не зварухнуцца галінкі. Хведаровіч.
зварухну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. каго-што. Прывесці ў лёгкі рух; скалыхнуць. І як вокам азірнуць — Збожжа, збожжа, збожжа, Нават вецер зварухнуць Каласы не можа... Грахоўскі. // перан. Заклікаць да дзеяння. Папрацавалі мы нямала, Каб зварухнуць, падняць народ. Бітэль.
2. чым. Паварушыць, кіўнуць. Ніводным плаўніком не зварухнуў [шчупак]. Ваданосаў.
звару́шлівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны зварухнуць, заварушыць. Зварушлівы ветрык. // перан. Здольны ўсхваляваць, расчуліць або такі, які лёгка ўзбуджаецца, расчульваецца. Зварушлівая натура. Зварушлівы ўчынак.
зва́ршчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца зваркай.
звары́цца, зварыцца; зак.
1. Стаць прыгодным да ўжывання ў выніку варкі. Мяса зварылася. □ Калі бульба зварылася, бабка патаўкла яе, дадала пшанічнай мукі ды ўбіла пару яечак. Колас.
2. Злучыцца ў працэсе зваркі, зварвання. Трубы добра зварыліся.
звары́ць, звару, зварыш, зварыць; зак., што.
1. Прыгатаваць або атрымаць пры дапамозе варкі. Зварыць варэнне. Зварыць суп. Зварыць абед. // Вырабіць, выплавіць (метал). Зварыць сталь.
2. Зрабіць зварку чаго‑н.; злучыць шляхам зваркі. Зварыць рэйкі.
•••
Галава зварыла гл. галава.
Кашы (піва) не зварыш з кім — не дагаворышся з кім‑н.
Як варам зварыла — пра раптоўнае адчуванне млосці, знямогі.