Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бу́цы, ‑аў; адз. буца, ‑ы, ж.

Чаравікі з шыпамі на падэшвах для гульні ў футбол.

[Англ. boots.]

буцэфа́л, ‑а, м.

Дзікі конь, які, паводле падання, быў уціхаміраны Аляксандрам Македонскім і доўга яму служыў.

[Грэч. Bukephalos — клічка дзікага каня.]

буч, ‑а, м.

Рыбалоўная снасць, сплеценая звычайна з лазовых дубцоў у выглядзе вузкага круглага каша з лейкападобным уваходам; верша; нерат. У іх раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны, На рэчцы загарадзь паправіць І новы буч яшчэ паставіць. Колас.

бу́ча, ‑ы, ж.

Разм. Шум, скандал, перапалох. // перан. Кіпучае жыццё, вір. Трапіць у самую бучу жыцця.

бу́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бучнога.

бучне́ць, ‑ее; незак.

Рабіцца бучным. У даліне бушавала яблыневая квецень, бучнела трава, расцвіталі краскі, звінелі халодныя і празрыстыя ручаі ў траве. Хомчанка.

бучны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае буйную сакавітую зеляніну (пра расліны). Да вайны ў нашым гародчыку кучаравілася маладая, вельмі бучная ліпа. Сачанка.

бушава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бушаваць.

бушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.

1. Бурна, імкліва выяўляць сваю сілу (пераважна разбуральную). А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. Вецер, здавалася, цішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам. Якімовіч. Бушуе агонь, кідае цэлыя патокі полымя высока ў паветра. Колас. // Інтэнсіўна развівацца, расці. І адразу [Вольцы] прыснілася: бушавала цяжкім буйным коласам жыта... Васілевіч. // перан. Выяўляцца, развівацца з незвычайнай сілай (пра пачуцці). У ім [Адаме], відаць, бушаваў шалёны гнеў, і ён выбіраў, куды яго скіраваць. Дамашэвіч. [Аміля] крычала доўга, ужо не бачачы перад сабою Хурса. Само сабою пайшло бушаваць і рваць яе абурэнне, агіда і роспач. Чорны.

2. Разм. Бурна выказваць сваё незадавальненне, гнеў і пад.; буяніць. [Хлапчук] бушаваў добрых хвілін дзесяць. Потым, відаць, замарыўся — сціх. Ракітны.

бу́шаль, ‑я, м.

Мера ёмістасці сыпкіх цел у Англіі, ЗША і ў некаторых іншых краінах (каля 36 л). Бушаль пшаніцы.

[Англ. bushel.]