бурунду́к, ‑а, м.
Маленькі паласаты, падобны на вавёрку грызун, які жыве ў норах.
бурундуко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бурундука, належыць яму. Бурундуковы след. Бурундуковая нара. // Зроблены са шкурак бурундука. Бурундуковае футра.
бурча́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. бурчаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Вось ужо чуецца ляскат зубоў і глухое бурчанне... Маўр. Накатваючыся на параход, .. [валы] яшчэ бурчалі, але гэта было ўжо не пагрознае, а ціхае, улагодненае бурчанне. Лынькоў.
бурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухія гукі, выказваючы нездавальненне або пагрозу (пра жывёл). Кудлаты і нязграбны малы сабака папробаваў бурчаць, пасля сціх. Чорны. // Утвараць падобныя гукі (пра нежывыя прадметы). Насоўвалася хмара, недзе далёка бурчаў гром. Рылько. Рэзка бурчалі і вылі асколкі, ціўкалі кулі. Сачанка.
2. Разм. Сярдзіта, нездаволена мармытаць; бубніць. — Вось бяда, дык бяда, ледзь не праспаў, а сёння апошні дзень старога года, — бурчаў сам на сябе дзед. — Працы ж у мяне, бацюхны мае... П. Ткачоў. Ужо дзед.. [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка.
3. безас. у знач. вык. Утвараць глухія пераліўныя гукі; бурліць. — У мяне, чалавека цярплівага, і то ў жываце бурчыць, пара і перакусіць, — ранейшай скорагаворкай прамовіў.. [Бабейка]. Хадкевіч.
буршты́н, ‑у, м.
Скамянелая, жоўтая, празрыстая смала хвойных дрэў, якая ўжываецца для вырабу розных аздоб. Па беразе ўжо бегалі жвавыя хлапчукі, шукаючы выкінутага морам бурштыну. Сабаленка. — Глядзі, колькі там бурштыну, — сказала.. [Нэлі], высыпаўшы перад [Васілём] на стол жменю жаўтаватых каменьчыкаў. Савіцкі.
буршты́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з бурштыну. Бурштынавыя каралі. Бурштынавы муштук. □ З-пад жакеціка віднеўся блакітны кафтанік, зашпілены бурштынавай брошкай. Грамовіч.
2. Колерам падобны на бурштын. Уліта Антонаўка падала на стол стары медны самавар і талерку, напоўненую свежым бурштынавым мёдам. Шамякін. У агародчыку гараць вяргіні, нізкарослыя дрэўцы аж прыгінаюцца да зямлі ад цяжару бурштынавых сліў. С. Александровіч.
бу́ры 1, ‑ая, ‑ае.
Шаравата-карычневы. Бурыя скалы. Бурыя тарфянікі. □ Спіна ў ліня мае цёмна-бурую афарбоўку, бакі — бурыя ці зеленавата-жоўтыя з характэрным залацістым адценнем. Матрунёнак. Чорныя, як смоль, валасы і буры ад загару твар, высокі рост і магутныя плечы Арцёма вылучалі яго сярод астатніх у людскім патоку. Ваданосаў. // Цёмна-руды з чырванаватым адлівам (пра масць жывёл). Бурая карова. Буры мядзведзь.
•••
Буры жалязняк гл. жалязняк.
бу́ры 2, ‑аў; адз. бур, ‑а, м.
Нашчадкі еўрапейскіх (пераважна галандскіх) каланістаў, якія асталяваліся на поўдні Афрыкі.
буры́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бурэння. Бурыльная труба. Бурыльны ключ.