засе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Знак, метка на чым‑н., зробленая сякерай, нажом і пад. Сталовым нажом бацька ўрачыста робіць на вушаку засечку. Хадановіч.
засе́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да засекі. Засечная лінія.
засе́яны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад засеяць.
засе́яцца, ‑сеецца; зак.
Разм.
1. Аказацца скарыстаным пад пасеў. Адно поле засеецца пшаніцай, другое — ячменем.
2. Рассеяўшыся дзе‑н., прарасці, вырасці (пра семя дрэў, траў і пад.). Бяроза засеялася па полі. Кроп засеяўся на градах.
3. перан. Пакрыцца, усеяцца па ўсёй паверхні мноствам чаго‑н. Пасля поўначы неба выяснілася, засеялася рознакаляровымі агеньчыкамі. Колас.
засе́яць 1, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.
1. Заняць пасевамі які‑н. участак зямлі. Засеяць поле пшаніцай. // Пасеяць, рассеяць якую‑н. культуру. Засеяць грэчку.
2. перан. Пакрыць, усеяць сабой якую‑н. паверхню. Неба засеялі зоркі. Навуменка. Лоб Ахтана засеялі кроплі буйнага поту. Алешка.
засе́яць 2, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак.
Пачаць сеяць (у 3 знач.).
засёдлываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да засядлаць.
засёрбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць сёрбаць.
засі́вераць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пацямнець, зашурпаціцца ад ветру (пра скуру, адкрытыя часткі цела). Рукі засівералі.
засіві́ць, ‑сіўлю, ‑сівіш, ‑сівіць; зак., што.
Разм. Забяліць, заправіць невялікай колькасцю малака. Засівіць крупнік.
засіга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць сігаць. // Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. Я хуценька ўсхапіўся з ложка, правёў грабеньчыкам па валасах і засігаў на Пралетарскую вуліцу. Сабаленка.