Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бак 1, бака, м.

Закрытая пасудзіна для вадкасцей. Казімір калыхнуў матацыкл, правяраючы на слых, па плюханню, ці хопіць у баку гаручага на дарогу. Краўчанка. Будынак.. [вадакачкі] застаўся цэлым. Быў надарваны толькі воданапорны бак. Лынькоў.

[Фр. bac.]

бак 2, бака, м.

Насавая частка верхняй палубы судна.

[Гал. bak.]

бакаві́на, ‑ы, ж.

1. Бакавая частка чаго‑н. Доўга сек [Эфір] бакавіну гары, доўга абліваўся салёным потам, але, нарэшце, прабіўся да нейкай мяккай пароды. М. Ткачоў.

2. Тое, што і бакавіца. Бакавіна вагона.

3. Бакавая частка тушы. — Шынкевіч таксама добрая цаца! — падчэпліваючы відэльцам сакавітую бакавіну ліня з каструлі, абурана прадаўжаў Фама Гаўрылавіч. Паслядовіч.

бакаві́ца, ‑ы, ж.

Бакавая сценка вагона, кузава, шафы і пад.

бакаву́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Тое, што і бакоўка. Лабановіч ціхенька падаўся ў сваю бакавушку. Колас.

ба́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бака ​2. Бакавы вясляр.

2. Правы па ходу судна. Вёслы бакавага боку.

бакавы́, а́я, ‑о́е.

1. Размешчаны не ў цэнтры, а збоку. [Міхаліна:] — Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Шамякін. Праз затуманеныя бакавыя шыбы шафёр бачыць, як .. яго машыну абходзяць справа і злева лесавозы. Мяжэвіч. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру. Гартны. Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль.

2. Які адбываецца, дзейнічае збоку. [Новікаў:] — Уся калона перад намі. Ззаду яе — нічога няма. Бакавыя дазоры праціўніка ўжо зняты. М. Ткачоў.

•••

Бакавая лінія гл. лінія.

Бакавая падача гл. падача.

бака́л, ‑а, м.

Пасудзіна, звычайна для шыпучых він, у выглядзе вялікай чаркі. Вяселле кіпіць і бакалы звіняць, бакалы цвітуць, як лілеі... Дудар.

[Фр. bocal.]

бакала́ўр, ‑а, м.

1. Даўней у заходнееўрапейскіх і рускіх універсітэтах (цяпер у Англіі) — першая вучоная ступень. У 1506 годзе Ф. Скарына атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. □ Просты салдат, які .. ў перапынках роздуму пілікаў на губным гармоніку, быў вучоным чалавекам. Пасля ён гаварыў, што рыхтаваўся на бакалаўра мастацкіх навук. Ракітны.

2. У сучаснай Францыі і некаторых іншых краінах — асоба, якая скончыла сярэднюю школу.

[Лац. baccalaureus.]

бакала́ўрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бакалаўра. Бакалаўрская ступень.

бакале́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бакалеі, гандлюе бакалеяй. Бакалейныя тавары. Бакалейны магазін.

бакале́йшчык, ‑а, м.

Разм. Прадавец у бакалейным магазіне; уласнік бакалейнай крамы. [Маці] пачала.. зноў расказваць аб сабе і сваім бацьку — вядомым бакалейшчыку. Шамякін.