тэхналагі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэхналогіі (у 1 знач.), звязаны са спосабамі і метадамі прамысловай апрацоўкі матэрыялаў, вырабаў. Тэхналагічная лабараторыя. Тэхналагічныя патрабаванні.
2. Звязаны з апрацоўкай вырабаў па строга ўстаноўленай тэхналогіі. Тэхналагічныя стандарты новай сталі.
•••
Тэхналагічны працэс — працэс апрацоўкі і перапрацоўкі матэрыялу па строга ўстаноўленай тэхналогіі.
тэхнало́гія, ‑і, ж.
1. Сукупнасць метадаў апрацоўкі, змянення стану, уласцівасцей, формы сыравіны, матэрыялаў або паўфабрыкатаў, якія ажыццяўляюцца ў працэсе вырабу прадукцыі. Тэхналогія халоднай апрацоўкі металаў.
2. Навука, якая займаецца выяўленнем фізічных, хімічных, механічных і іншых заканамернасцей з мэтай выкарыстання на практыцы найбольш эфектыўных і эканамічных вытворчых працэсаў. // Сукупнасць прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца ў якой‑н. справе, майстэрстве. Я пазнаў у асноўным тэхналогію маёй, творчасці і расшырыў свой акцёрскі дыяпазон. Сяргейчык.
[Ад грэч. technē — майстэрства і logos — вучэнне.]
тэхнару́к, ‑а, м.
Інжынер або тэхнік, які адказвае за тэхніку вытворчасці і якасць прадукцыі; тэхнічны кіраўнік.
тэхне́цый, ‑ю, м.
Штучны радыеактыўны хімічны элемент.
[Лац. Technetium.]
тэхніза́цыя, ‑і, ж.
Забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі, укараненне тэхнічных сродкаў.
тэ́хнік, ‑а, м.
1. Спецыяліст у якой‑н. галіне тэхнікі з сярэдняй тэхнічнай адукацыяй. Інжынеры і тэхнікі. Тэхнік-электрык. □ Ля станка сабраліся тэхнолагі, інжынеры, тэхнікі. Зараз пачнецца выпрабаванне. Асіпенка.
2. Чалавек, які працуе ў галіне тэхнікі. Глядзеў Сяргей перад сабой уніз, дзе стаялі лётчыкі, матарысты, тэхнікі. Лынькоў. // Пра работніка з сярэдняй адукацыяй у некаторых іншых галінах. Тэхнік-статыст. Тэхнік-лесавод. // Разм. Навучэнец тэхнічнай навучальнай установы. Старэйшы сын фізік, а малодшы — тэхнік.
3. Чалавек, які валодае высокай тэхнікай, высокім майстэрствам у якой‑н. справе, мастацтве. Для натуршчыцы «Джаконды» Леанарда да Вінчы вынайшаў і змайстраваў уласнымі рукамі многа цікавых прылад працы. Большасць з іх вядома сучасным тэхнікам і заслужыла высокай адзнакі. Матрунёнак.
•••
Зубны тэхнік — спецыяліст, які робіць зубныя пратэзы.
тэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
1. Сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. Дасягненні навукі і тэхнікі. Развіццё тэхнікі ў перыяд навукова-тэхнічнага прагрэсу.
2. зб. Машыны, механізмы, прыборы, апаратура, прылады той ці іншай галіны вытворчасці. Будаўнічая тэхніка. Сельскагаспадарчая тэхніка. □ Як толькі пачала вызваляцца з-пад снегу глеба, выйшла ў поле тэхніка. «Звязда». // Сукупнасць зброі, сродкаў радыёлакацыі і пад., што маюцца на ўзбраенні арміі. Ракетная тэхніка. // Сродкі невытворчага прызначэння, якія абслугоўваюць бытавыя, камунальныя, навукова-даследчыя, медыцынскія, спартыўныя, культурныя і пад. патрэбы. Тэлеінфармацыйная тэхніка. Тэхніка спартыўных комплексаў.
3. Сукупнасць прыёмаў, навыкаў, якія прымяняюцца ў якой‑н. галіне дзейнасці або мастацтве. Жывапісная тэхніка. Тэхніка ігры на фартэпіяна.
•••
Тэхніка бяспекі — сістэма тэхнічных сродкаў і прыёмаў работы, якія ствараюць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
Ядзерная тэхніка — галіна тэхнікі, якая ахоплівае выкарыстанне ядзернай энергіі.
тэхніка-...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «тэхнічны» (у 1 знач.), напрыклад: тэхніка-вытворчы, тэхніка-утылітарны.
тэ́хнікум, ‑а, м.
Сярэдняя прафесіянальная навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне тэхнікі. Індустрыяльны тэхнікум. Аўтамеханічны тэхнікум. □ [Бумажкоў] вучыўся заўсёды. Пасля пачатковай школы займаўся самаадукаваннем, а пасля прыехаў вучыцца ў Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, які скончыў у 1933 годзе. Чорны. // Усякая сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова. Бібліятэчны тэхнікум. Фізкультурны тэхнікум. □ Толькі ў Ашмянскім тэхнікуме .. за пяць гадоў падрыхтавана больш за 400 кіраўнікоў самадзейных драмгурткоў, харавых і танцавальных калектываў. «Полымя».
тэ́хнікумаўскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да тэхнікума; належыць яму. Тэхнікумаўскі інтэрнат. □ Распрануты да паясніцы, я шыбаваў па вясковай вуліцы і з удзячнасцю ўспамінаў тэхнікумаўскага выкладчыка фізвыхавання. Нядзведскі.