бунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што і без дап.
1. Падымаць, узнімаць бунт, удзельнічаць у бунце. Мы [беларускія паэты] былі разам з народам, гнеўна бунтавалі разам з ім, верылі ў будучыню. Купала. Кажуць, што пасля сяляне бунтавалі, Над палацамі клубіўся чорны дым Недалёка той карчмы, дзе быў Купала, На даўгінаўскім гасцінцы векавым. Танк. // перан. Выказваць крайнюю незадаволенасць, пратэставаць. — Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. Колас. — Вы што — бунтаваць ўздумалі? — сярдзіта закрычаў аканом на мужчын. Якімовіч. // перан. Бударажыць, хваляваць. [Стэфа:] — Зноў гэтая хата... Адзін напамінак пра яе бунтуе маю душу. Савіцкі. // перан. Бушаваць, кіпець. Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы, І няма для нас другіх свяцейшых слоў, Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы, Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў. Куляшоў. Чаго ж ты бунтуеш, лагоднае мора? Вялюгін.
2. Падбухторваць да бунту. [Старшыня:] — Не хочаце рабіць — не рабіце, але і не бунтуйце народ. Навуменка. І вось неўзабаве.. [Марыся] зноў прыедзе ў фальварак бунтаваць парабкаў. Бажко. // Перашкаджаць, шкодзіць. Рыгорка ўзняў крык на Якіма за тое, што той валтузіць і бунтуе работу касцоў, і патрабаваў, каб ён ішоў прэч. Дуброўскі.
бунта́р, ‑а, м.
Удзельнік бунту 1. Калі Радзівіл акрыяў, дык загадаў працаваць усе лясы аколіцы, каб знайсці бунтара Саўку Траяна. Гурскі. // Той, хто пратэстуе супраць чаго‑н., хто заклікае да рашучых дзеянняў, да перавароту ў чым‑н. [Абаронца:] — Паводка ўваходзіла ў берагі, і бунтары канчалі універсітэт, наступалі на дзяржаўную службу, рабіліся стараннымі чыноўнікамі і дзеячамі ў розных галінах жыцця. Колас.
бунта́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да бунтар.
бунта́рны, ‑ая, ‑ае.
Прасякнуты бунтарскім духам. Тут спатыкаў, казалі людзі, бунтарных хлопцаў ён [Янка] падчас. Машара. У юнацтве ж Мікола быў куды больш бунтарнай натурай, чым Цішка. Навуменка.
бунта́рскі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы бунтару. Бунтарскія настроі. Бунтарскі дух.
бунта́рства, ‑а, н.
Рэзкае абурэнне, пратэст, якія суправаджаюцца непакорнасцю. Казку дзіўную чуў у юнацтве: Нейкі волат, ці то чарадзей, Стагоддзі правёў у бунтарстве, Каб аздобіць шчасцем людзей. Чарот.
бунтаўшчы́к, ‑а. м.
Удзельнік бунту 1, бунтар. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.
бунтаўшчы́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бунтаўшчыка.
бунто́ўны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які па-бунтарску настроены, схільны да бунту. Бунтоўны чалавек.
2. Неспакойны, трывожны. [Дзяўчыне] і самой захацелася раптам сустрэць і пакахаць бунтоўнае, мяцежнае сэрца. Мехаў. І ў дні блакітна-роўныя, Калі гудуць станкі, Яшчэ жывуць бунтоўныя У сэрцы аганькі! Лявонны.
3. Які заклікае да бунту. Ёсць такое жаданне: калі загрыміць Непадкупнай расправы бунтоўная песня, Каб вы так жа ўпарта, як некалі мы, Роўны сонцу штандар рэвалюцыі неслі. Глебка.