бу́нкер, ‑а, м.
1. Металічная ці бетонная скрыня (на суднах — адсек) для часовага захоўвання збожжа, вугалю ці якіх‑н. іншых сыпкіх рэчываў і матэрыялаў. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Непадалёку свінаркі грузілі ў бункеры падвеснай дарогі корм і развозілі яго па ўсіх трох вялізных карпусах свінафермы. Паслядовіч.
2. Падземнае жалезабетоннае бамбасховішча.
3. Наземнае драўляна-земляное ці бетоннае сховішча з амбразурамі для вядзення агню; дзот, дот. Паліцаі.. пакапалі вакол школы акопы, нарабілі бункеры, паставілі ў іх кулямёты. Сабаленка.
[Англ. bunker.]
бункерава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. бункераваць.
бункерава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад бункераваць.
бункерава́цца, ‑руецца; незак.
1. Спец. Папаўняць запасы паліва (пра судны, паравозы).
2. Зал. да бункераваць.
бункерава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Спец. Засыпаць у бункер. Бункераваць збожжа.
бу́нкерны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бункера. Бункерны рукаў. Бункернае перакрыцце.
бункеро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Спец. Тое, што і бункераванне.
бункеро́ўшчык, ‑а, м.
Рабочы, які заняты бункераваннем.
бунт 1, ‑у, М ‑нце, м.
Стыхійнае паўстанне, мяцеж. Стралецкі бунт. Кулацкі бунт. □ Грозны вагар зямельных бунтаў пакаціўся па неабсяжных прасторах царскай Расіі, скутай астрогамі і ланцугамі няволі, пакаціўся бляскам пажараў, клубамі дыму, афарбоўваючы ў крывавы колер халоднае асенняе неба. Колас. // Спрэчка, сварка. [Гаспадыня:] — Ды яна [наймічка], разбойніца, бунт узняла. Не пайду, кажа, у Граева служыць. Бажко. // перан. Пратэст, абурэнне. У грудзях яе [Мікалаеўны] пачаўся сапраўдны бунт зняважаных пачуццяў. Гамолка.
бунт 2, ‑а, М ‑нце, м.
Звязак, кіпа; стос.
[Ад ням. Bund — звязак.]
бунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.
1. Тое, што і бунтаваць (у 1 знач.).
2. Разм. Быць усхваляваным, хвалявацца. — Спакойна, хлопцы. — Гэтымі словамі.. [Салаўёў] імкнуўся заспакоіць і сябе, бо ўнутры ўсё бунтавалася — так не хацелася адыходзіць ні з чым.. Шахавец.