Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэрмабатарэ́я, ‑і, ж.

Рад тэрмаэлементаў, злучаных паслядоўна і паралельна для непасрэднага ператварэння цеплавой энергіі ў электрычную.

тэрмагенера́тар, ‑а, м.

Машына для непасрэднага ператварэння цеплавой энергіі ў электрычную.

[Грэч. thermē — цяпло, гарачыня і лац. generator.]

тэрмагенера́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэрмагенератара.

тэрмагра́фія, ‑і, ж.

1. Розныя спосабы рэгістрацыі цеплавога поля (інфрачырвонага выпрамянення) аб’ектаў.

2. Спосаб размнажэння рукапісных і друкаваных матэрыялаў.

[Ад грэч. thermē — цяпло, гарачыня і graphō — пішу.]

тэрмадына́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

Раздзел фізікі, які вывучае законы цеплавога руху і ўплыў цеплавога руху на фізічныя ўласцівасці цел.

тэрмадынамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Звязаны з цеплавым рухам і яго ўплывам на фізічныя ўласцівасці цел. Тэрмадынамічныя працэсы. Тэрмадынамічная раўнавага.

тэрмазі́т, ‑у, М ‑зіце, м.

Штучны порысты запаўняльнік лёгкіх бетонаў, які атрымліваецца з расплаўленых металургічных шлакаў пры іх хуткім ахаладжэнні і здрабненні; шлакавая пемза.

тэрмаізаляцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэрмаізаляцыі. Тэрмаізаляцыйныя матэрыялы.

тэрмаізаля́цыя, ‑і, ж.

Тое, што і цеплаізаляцыя.

тэрмакапі́р, ‑а, м.

Апарат для вырабу копій дакументаў па тэрмаадчувальнай паперы.