Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэраміцы́н, ‑у, м.

Лекавы сродак з групы антыбіётыкаў, які ўжываецца пры запаленні лёгкіх, бруцэлёзе, ганарэі і пры хваробах вачэй.

тэрапе́ўт, ‑а, М ‑ўце, м.

Урач, спецыяліст па ўнутраных хваробах. Хірургія, зразумела, мае вялікія перспектывы. Але чаму менавіта хірургія? І тэрапеўты, і неўрапатолагі не менш патрэбны. Б. Стральцоў.

[Грэч. therapeutēs.]

тэрапеўты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэрапіі, тэрапеўта. Тэрапеўтычныя сродкі. Тэрапеўтычнае аддзяленне клінікі. □ Тысячы пераліванняў .. крыві хворым паказалі яе высокую тэрапеўтычную эфектыўнасць. «Маладосць».

тэрапі́я, ‑і, ж.

1. Раздзел медыцыны, які вывучае метады распазнавання і лячэння ўнутраных хвароб.

2. Лячэнне ўнутраных хвароб лякарствамі, сывараткамі, электрычнасцю і іншымі нехірургічнымі метадамі. Уладзімір Андрэевіч стаў з поспехам рабіць па месцы ўсе складаныя аперацыі, ужываць тканевую тэрапію і іншыя новаўвядзенні. «Беларусь».

[Грэч. therapeia — лячэнне.]

тэрарызава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тэрарызаваць.

тэрарызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад тэрарызаваць.

тэрарызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да тэрарызаваць.

тэрарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Застрашыць (страшыць) тэрорам, расправай, забойствам. Белагвардзейскія банды тэрарызавалі людзей. «ЛіМ». Немцы моцна тэрарызавалі жыхароў, баючыся іх сувязей з партызанскімі раёнамі. Хадкевіч. [Левановіч:] Тут, праводзячы сваю подлую работу, вы [Гарлахвацкі] ашальмавалі прафесара Чарнавуса, тэрарызавалі таварыша Тулягу. Крапіва.

тэрары́зм, ‑у, м.

Палітыка і тактыка тэрору.

тэра́рый, ‑я і тэра́рыум, ‑а, м.

Памяшканне для ўтрымання земнаводных і паўзуноў.

[Ад лац. terra — зямля.]