Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэндэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Напрамак, у якім адбываецца развіццё чаго‑н. (грамадства, эканомікі, культуры і пад.). Асноўная і галоўная тэндэнцыя капіталізму заключаецца ў выцясненні дробнай вытворчасці буйной, і ў прамысловасці і ў земляробстве. Ленін. // Ідэалагічны напрамак, цячэнне ў палітыцы, навуцы, мастацтве і пад. Аднак пасля смерці Ф. Энгельса, з надыходам эпохі імперыялізму ў дзейнасці II Інтэрнацыянала ўзмацняюцца апартуністычныя тэндэнцыі. «Звязда». Беларуская літаратура адчула на сабе і плённы ўплыў братняй украінскай літаратуры, таксама вельмі багатай дэмакратычнымі тэндэнцыямі. «Полымя».

2. Імкненні, намеры, уласцівыя каму‑, чаму‑н.; погляды, прынцыпы. «Дарагое маё», «Светлае», «Сапраўднае» — гэтыя вершы, як і паэтызацыя Праўды, вечных тэм жыцця і смерці, кахання і прыроды, ярка выявілі характэрную для С. Дзяргая тэндэнцыю паэтызаваць галоўныя вартасці жыцця, быцця чалавека. Лойка. // Схільнасць, уласцівасць. [Васіль:] — У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству. Шамякін. У Вукатага гэта і раней было: толькі сабе каб добра, а людзям і абсеўкі, маўляў, можна. Вось за гэтую тэндэнцыю Валько яму лазінку і заламаў. Савіцкі.

3. Асноўная думка, ідэя, накіраванасць навуковага, мастацкага і пад. твора, выказвання і пад. Тэндэнцыя трылогіі Я. Коласа «На ростанях».

4. Прадузятая, аднабаковая думка, якая праводзіцца, навязваецца (чытачу, слухачу і пад.), але не выцякае з сутнасці справы або з развіцця мастацкага вобраза. П’еса з тэндэнцыяй.

[Лац. tendentia — накіраванасць.]

тэ́ндэр, ‑а, м.

1. Счэплены з паравозам спецыяльны вагон, дзе знаходзяцца запасы вугалю і вады. [Чмаруцька:] — У мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Пакуль накладзеш тэндэр, дык рукі аж смыляць ад гэтых плах. Лынькоў.

2. Невялікае аднамачтавае паруснае судна з косымі парусамі.

[Англ. tender.]

тэ́ндэрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэндэра. Тэндэрны тормаз. □ Ну як тут уцерпець Міколку ды не падсесці ззаду на тэндэрную падножку. Лынькоў.

тэнзіёметр, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння паверхневага нацяжэння вадкасцей.

[Лац. tendere — нацягваць, напружваць і грэч. metreō — вымяраю.]

тэнзо́метр, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння дэфармацый, якія выклікаюцца механічнымі напружаннямі ў цвёрдых целах.

[Лац. tendere — нацягваць, напружваць і грэч. metreō — вымяраю.]

тэ́ніс, ‑а, м.

Спартыўная гульня з мячом і ракеткамі на пляцоўцы-корце з сеткай пасярэдзіне. Спаборніцтва па тэнісу.

•••

Настольны тэніс — тое, што і пінг-понг.

[Англ. tennis.]

тэнісі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Ігрок у тэніс. — Калі думкі тэнісіста лунаюць па-за кортам, яму цяжка разлічваць на поспех, — у тон яму адказвала Валя, чакаючы, што Павел зразумее намёк і раскажа пра свае турботы. Шыцік.

тэнісі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да тэнісіст.

тэ́ніска, ‑і, ДМ ‑нісцы; Р мн. ‑сак; ж.

Сарочка з кароткімі рукавамі, звычайна трыкатажная. [Рамір] быў у бэзавай тэнісцы, якая прыгожа аблягала цела гімнаста. Асіпенка.

тэ́нісны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэніса, звязаны з гульнёй у тэніс. Тэнісныя спаборніцтвы. // Прызначаны для гульні ў тэніс. Тэнісная ракетка. Тэнісная пляцоўка.