Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

завяшча́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да завяшчаць.

завяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што або з інф.

Пакідаць, перадаваць пасля сваёй смерці каму‑н. што‑н. у спадчыну. Завяшчаць маёмасць сыну. // Выказваць волю, даваць наказ паслядоўнікам, нашчадкам. У.І. Ленін завяшчаў моладзі «вучыцца, вучыцца і вучыцца». «Маладосць».

загава́рвацца,

гл. загаворвацца.

загава́рваць ​1,

гл. загаворваць ​1.

загава́рваць ​2

гл. загаворваць ​2.

загавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.

1. Захапіўшыся размовай, доўга прагаварыць. — Нешта бацька ў хату не ідзе, — сказаў .. [хлопец]. — Ці не загаварыўся з кім. Галавач. — Частуйцеся, частуйцеся, а то загаварыліся, — перабіла размову мужчын гаспадыня. Арабей.

2. Зак. да загаворвацца (у 2 знач.)

загавары́ць ​1, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.

1. Надакучыць, стаміць працяглымі размовамі. — Што ж гэта я цябе загаварыла зусім! Ты ж, мусіць, не абедаў яшчэ? Асіпенка. // Размовай адцягнуць увагу ад чаго‑н., прымусіць забыцца пра што‑н. — Загаварылі вы мяне, а там яечня гарыць. Беразняк.

2. Ва ўяўленні ў забабонных людзей — уздзейнічаць на што‑н. замовай, магічным словам, загаворамі. Загаварыць кроў. Загаварыць зубы. □ Была нерухомая, зачараваная ціш; быццам бы хтось загаварыў усё: ні зыку, ні голасу не было чуваць. Гартны.

загавары́ць ​2, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак.

1. Пачаць гаварыць. // Усчаць гаворку, пачаць размову з кім‑н. Сцяпан усё мацней і мацней захапляўся Маяй. Цягнула падысці да яе, загаварыць, але ён не знаходзіў прычыны. Дуброўскі. // перан. Абазвацца, пачаць дзейнічаць. Кулямёты загаварылі.

2. Навучыцца гаварыць, карыстацца мовай. Дзіця ўпершыню загаварыла.

3. перан. Праявіцца ў дзеяннях, настроях і інш. Прачнулася і загаварыла бязмерная нянавісць пакрыўджаных людзей. Чорны.

•••

Кроў загаварыла гл. кроў.

Сумленне загаварыла гл. сумленне.

загаве́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Разм. Паесці скаромнага апошні раз перад пастом.

загаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Пачаць гавець.

•••

Загавець душой — сканаць, памерці, загінуць. Тайга — гэта бязмежны зялёны акіян, у якім свае няпісаныя законы, прыкметы, не ведаючы якіх можна і душой загавець. Дубоўка.

за́гавіны, ‑він; адз. няма.

Уст. Апошні дзень перад постам, калі веруючым дазваляецца есці скаромнае.

загаво́р ​1, ‑у, м.

Тайнае пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць каго‑, чаго‑н. для дасягнення пэўных мэт, часцей палітычных. Загавор супраць царскай улады. Загавор мяцежнікаў.

загаво́р ​2, ‑у, м.

Тое, што і замова. Паставіла [карову] да сонца галавой І загавор чыніла ад заразы. Купала. — Слабы ты загавор ад зубоў ведаеш, — сумным голасам прамовіў Гешка. Навуменка.