Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тэлефані́я, ‑і, ж.

Спец. Галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае прынцыпы пабудовы сістэм тэлефоннай сувязі, распрацоўвае апаратуру для яе ажыццяўлення і выкарыстання.

тэлефатагра́фія, ‑і, ж.

Фатаграфаванне аб’ектаў з вялікай адлегласці.

тэлефі́льм, ‑а, м.

Фільм, створаны для паказу па тэлебачанні.

тэлефо́н, ‑а, м.

1. Від электрасувязі, які дае магчымасць весці вусную размову паміж абанентамі, аддаленымі адзін ад другога на далёкую адлегласць. Гаварыць па тэлефоне. □ Неяк увечары пазваніў па тэлефоне сын маіх знаёмых Толік і запытаў, ці не магла б я даць яму якую-небудзь цікавую кніжку. Бяганская.

2. Электраакустычны апарат для перадачы І прыёму моўнай інфармацыі. Міжгародні тэлефон. Палявы тэлефон. □ Пятрэнка, а за ім Казімір з Ірынкай, прайшлі ў маленькі дырэктарскі кабінет, дзе на сцяне над сталом вісеў тэлефон. Краўчанка. // Нумар тэлефоннага апарата. Дакладны бяру тэлефон, Дакладны ведаю Адрас. Барадулін.

•••

Тэлефон-аўтамат — тэлефонны апарат з механічнай сістэмай аплаты тэлефонных размоў; таксафон.

Абарваць тэлефон гл. абарваць.

Вісець на тэлефоне гл. вісець.

Сядзець на тэлефоне гл. сядзець.

[Ад грэч. tēle — далёка і phōnē — гук.]

тэлефо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм. Званіць па тэлефоне. Сяджу і тэлефоню, і прашу: — Дзяўчынка любая, у мяне такое гора — Ці не прынеслі вам маю душу, Якую я згубіў учора? Сербантовіч.

тэлефо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэлефона; служыць, прызначаны для тэлефона. Тэлефонная станцыя. □ Сам старшыня, каржакаваты і рухавы Адам Вухавец, стаяў у пустой яшчэ кватэры, каля тэлефоннага апарата. Брыль. Апошнія словы Перагуда былі заглушаны тэлефонным званком. М. Ткачоў.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлефона; перадаецца па тэлефоне. Тэлефонная сувязь. □ У мяне а трэцяй гадзіне тэлефонная размова з сакратаром крайкома. Пальчэўскі. Мы пераглянуліся і скіраваліся сваёй дарогай — да будынка васьмігадовай школы, дзе па тэлефоннай дамоўленасці дэкана з дырэктарам нам абяцалі дах над галавой на гэтыя экспедыцыйныя дні. Нядзведскі.

тэлечасо́піс, ‑а, м.

Перыядычная тэлевізійная перадача, якая складаецца з некалькіх сюжэтаў (старонак); тэлевізійны часопіс.

тэлу́р, ‑у, м.

Хімічны элемент, крохкі серабрыста-шэры метал.

[Ад лац. tellus, telluris — зямля.]

тэлу́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэлуру, змяшчае ў сабе тэлур. Тэлуравая кіслага.

тэлу́рый, ‑я, м.

Прыбор, які наглядна паказвае рух Зямлі вакол Сонца і сутачнае вярчэнне Зямлі вакол сваёй восі.

[Ад лац. tellus, telluris — зямля.]