Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

жамчу́жына, ‑ы, ж.

1. Асобнае зерне жэмчугу. // Упрыгожанне з такога зерня. Прагныя вочы гасцей міжволі спыняліся на цудоўнай жамчужыне, якая вісела на грудзях у гэтай жанчыны. Маўр.

2. перан.; чаго або якая. Непаўторны скарб, лепшае ўпрыгожанне. Паэма Я. Коласа «Новая зямля» — жамчужына беларускай літаратуры.

жана́ты, ‑ая, ‑ае.

Які ўступіў у шлюб, мае жонку; проціл. халасты (пра мужчыну). Падтрымаў старога дзеда Сын жанаты, Грышка. Колас. // толькі мн. Пра мужчыну і жанчыну, якія ўступілі ў шлюб. Яны жанатыя ўжо даўно.

жанглёр, ‑а, м.

Цыркавы артыст, які спрытна падкідвае і ловіць адначасова некалькі прадметаў. Схапіўшы дзве ладныя цагліны, .. [Сяргей] пачаў падкідваць іх, нібы цыркавы жанглёр. Шыцік. // перан. Пра таго, хто спрытна, але адвольна абыходзіцца з фактамі, словамі і пад. — Ты, калега, убачыў за адозвай гуртка славянафілаў толькі апаганьванне чыстых парываў рускай народнай душы, а трэба бачыць спрытнага штукара-жанглёра, які пачынае гуляць з такімі рэчамі, як народ, нацыя, вайна. Галавач.

[Фр. jongleur.]

жанглёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да жанглёр.

жанглёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць жанглёру, уласцівы яму. Жанглёрскі спрыт.

жанглёрства, ‑а, н.

Занятак жанглёра, уменне жангліраваць. // перан. Спрытнае, але адвольнае абыходжанне з фактамі, словамі і пад. Палітычнае жанглёрства.

жанглі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. жангліраваць.

жанглі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., чым і без дап.

Спрытна падкідваць і лавіць адначасова некалькі прадметаў. Паяўляецца Навум, бярэ ў рукі некалькі шарыкаў і пачынае імі жангліраваць. Мікуліч. // перан. Спрытна, але адвольна абыходзіцца з фактамі, словамі і пад. Жангліраваць фактамі. Жангліраваць цытатамі.

жанда́р, ‑а, м.

Паліцэйскі чын, які знаходзіцца на службе ў жандармерыі. Схапілі ў вёсцы жандары Ігната, Ад роднае хаты Пагналі за краты. Арочка.

[Фр. gendarme.]

жандарме́рыя, ‑і, ж.

Асобае паліцэйскае войска ў буржуазных краінах для палітычнай аховы і вышуку, для барацьбы з рэвалюцыйным рухам. Для пошукаў і лоўлі Каліноўскага была пастаўлена на ногі ўся мясцовая ўлада, яўная і патаемная паліцыя і жандармерыя губерні. Лушчыцкі.

[Фр. gendarmerie.]