тэкто́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
Спец.
1. Раздзел геалогіі, які вывучае структуру, рух, дэфармацыю і развіццё якога‑н. участка зямной кары і верхняй мантыі Зямлі.
2. У архітэктуры — асаблівасці ўзаемаразмяшчэння частак будынка і суадносіны яго форм і прапорцый; архітэктоніка.
[Ад грэч. tektonikē — будаўніцтва.]
тэле...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая: 1) азначае дзеючы на далёкую адлегласць, напрыклад: тэлебачанне, тэлеграф; 2) адпавядае па значэнню слову «тэлевізійны», напрыклад: тэлеэкран, тэлефільм.
[Грэч. tēle — далёка.]
тэлеаб’екты́ў, ‑тыва, м.
Аб’ектыў з доўгім фокусам для здымкі аддаленых прадметаў у буйным маштабе, а таксама для партрэтнай здымкі.
тэлеаза́ўр, ‑а, м.
Вялікі выкапнёвы марскі кракадзіл.
[Грэч. teleios — дасканалы і sauros — яшчарка.]
тэлеалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тэлеалогіі. Тэлеалагічныя погляды.
тэлеало́гія, ‑і, ж.
Рэлігійна-ідэалістычнае вучэнне, паводле якога ўся гісторыя свету з’яўляецца здзяйсненнем наперад вызначанай богам мэты і ўсё ў развіцці прыроды і грамадства мэтазгодна.
[Ад грэч. télos — мэта, канец і logos — вучэнне.]
тэлеатэлье́, нескл., н.
Атэлье па ўстаноўцы і рамонту тэлевізараў; тэлевізійнае атэлье.
тэлеаўтама́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Галіна аўтаматыкі, якая ахоплівае тэорыю і прынцыпы пабудовы сістэм кіравання з выкарыстаннем метадаў і сродкаў тэлемеханікі.
тэлеаўтаматы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тэлеаўтаматыкі, звязаны з тэлеаўтаматыкай. Хутка ў сталіцы нашай Радзімы будзе ўстаноўлена адзіная сістэма тэлеаўтаматычнага рэгулявання вулічнага руху. Жычка.