Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

брухано́гія, ‑іх.

Клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў.

бруха́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Таўстапузы, з вялікім жыватом. Шайдоб кінуў у сенцы сякеру і пайшоў у хлеў. Пагладзіў брухатую кабылу. Федасеенка. / у перан. ужыв. Далёка ў полі стаялі брухатыя самалёты — тут быў аэрадром. Пташнікаў.

бруха́ч, ‑а, м.

Разм. Тое, што і пузан; пузаты.

бруцэлёз, ‑у, м.

Заразная хвароба коз, авечак, свіней, буйнай рагатай жывёлы, здольная перадавацца ад іх чалавеку.

[Ад уласн. імя.]

бруцэлёзны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бруцэлёзу; паражоны бруцэлёзам. Бруцэлёзнае захворванне.

бру́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Агародная караняплодная расліна сямейства крыжакветных.

2. зб. Караняплоды гэтай расліны жоўтага ці жоўта-белага колеру. Гэта быў разам і склеп, дзе хавалася розная гародніна для жывёлы — рэдзька, бручка, буракі, бульба, — і кухня для гатавання стравы свінням і цялятам. Колас.

бру́чкавы, ‑ая, ‑ае.

Прыгатаваны з бручкі. Бручкавы сок.

бручко́ўнік, ‑у, м.

Бручкавае бацвінне, лісце бручкі.

бру́шка, ‑а, н.

1. Памянш. да бруха. // Разм. жарт. Тоўсты жывот (у чалавека).

2. Задняя частка цела членістаногіх. Брушка чмяля.

брушны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае дачыненне да жывата, да поласці жывата. Брушныя плаўнікі.

•••

Брушны тыф гл. тыф.