Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ты́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак.

Разм. Пралазіць, прабірацца з цяжкасцю; лезці куды‑н. Няхутка задрамаў... Чую, што нехта пад коўдру тышчыцца. Мыслівец. То перад вачыма, то тамака вунь, уводдалі — тышчылася вясенняе зяленіва, лезла напралом. Баранавых.

тыяко́л, ‑у, м.

1. Лекавы прэпарат у выглядзе белага або ружовага парашку, які выкарыстоўваецца як адхарквальны сродак.

2. Від сінтэтычнага каўчуку.

[Ад грэч. theion — сера.]

тыя́ра, ‑ы, ж.

1. Галаўны ўбор старажытных усходніх цароў, жрацоў. Тыяра егіпецкіх фараонаў.

2. Галаўны ўбор рымскага папы.

[Грэч. tiara.]

тыясе́рны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: тыясерная кіслата — хімічнае злучэнне, у якім атам кіслароду замешчаны атамам серы.

тыясульфа́ты, ‑аў; адз. тыясульфат, ‑у, М ‑фаце, м.

Солі тыясернай кіслаты. Тыясульфат натрыю.

тэ, нескл., н.

Назва літары «т».

тэабрамі́н, ‑у, м.

Лекавы прэпарат, алкалоід, які знаходзіцца ў чаі, зернях какавы і выкарыстоўваецца як сасударасшыральны і мачагонны сродак.

тэаго́нія, ‑і, ж.

Міфы аб паходжанні і радаслоўнай багоў.

[Грэч. theos — бог і goneia — нараджэнне.]

тэадалі́т, ‑а, М ‑ліце, м.

Геадэзічны інструмент, які выкарыстоўваецца для вымярэння на мясцовасці гарызантальных і вертыкальных вуглоў. Перастаўляючы тэадаліт з месца на месца, .. [Васіль], як фатограф, нагінаўся над сваім апаратам, глядзеў у манакуляр, нешта запісваў у свой блакнот. Дуброўскі. Дзялілі на дваіх Салдацкі хлеб, З тэадалітам і сталёвай лентай Вымерваючы казахстанскі стэп. Аўрамчык. / у вобразным ужыв. Першую сцежку прасеклі, І па імшарах пакрочыў З намі, як чапля балотная, Тэадаліт. Танк.

[Грэч. theaomai — разглядаю і dilochos — доўгі.]

тэадалі́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тэадаліта; які робіцца пры дапамозе тэадаліта. Тэадалітная здымка.