Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дрэсірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Вучыць (жывёл) выконваць пэўныя дзеянні. Дрэсіраваць сабак. Дрэсіраваць галубоў. // перан. Разм. Прывучаць да строгай дысцыпліны; муштраваць.

[Ад фр. dresser.]

дрэсіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дрэсіраваць.

дрэсіро́ўшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца дрэсіроўкай. Дрэсіроўшчык тыграў.

дрэсіро́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да дрэсіроўшчык.

дрэ́ўка, ‑а, н.

Выструганая палка, да якой прымацоўваецца сцяг, вымпел і пад. У Тані быў пераходны вымпел лепшай даяркі раёна, маленькі чырвоны сцяжок на кароценькім дрэўку. Дуброўскі.

дрэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дрэвавы.

дрэ́ўца, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да дрэва; невялікае (звычайна маладое) дрэва. — Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, што вы сёння прыгатавалі. Колас.

дуайе́н, ‑а, м.

Асоба, што ўзначальвае дыпламатычны корпус у якой-небудзь краіне як дыпламатычны прадстаўнік, вышэйшы па рангу; старэйшына дыпламатычнага корпуса.

[Фр. doyen — старшыня.]

дуалі́зм, ‑у, м.

1. Філасофскае вучэнне, якое пачаткам быцця лічыць дзве самастойныя першаасновы (субстанцыі) — матэрыяльную і ідэальную; проціл. манізм.

2. Кніжн. Дваістасць, раздвоенасць чаго‑н. наогул.

[Ад лац. dualis — дваісты.]

дуалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік дуалізму (у 1 знач.).