Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тысячагало́ў, ‑лову, м.

Аднагадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з вялікімі ружовымі кветкамі.

тысячаго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў тысячу год. Трэцяе тысячагоддзе да н. э. // звычайна мн. (тысячаго́ддзі, ‑яў). Вельмі вялікі прамежак часу. Не дні і не месяцы — Тысячагоддзі ідуць неўміручыя людзі да зор. Макаль. Пад няхітрую музыку адной скрыпкі і часам двух барабанаў віхрам выконваецца танец — той танец, які адбываўся ў вясёлыя мінуты стагоддзі таму назад, а ў больш прымітыўным выглядзе — назад цэлыя тысячагоддзі. Чорны.

2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося тысячу год таму назад.

тысячаго́дні, ‑яя, ‑яе.

Тое, што і тысячагадовы. Тысячагоднія вашы [астраномаў] намеры Спраўдзяцца некалі не на паперы. Куляшоў.

тысячато́нны, ‑ая, ‑ае.

Які важыць тысячу тон або вельмі многа тон.

ты́сячнік, ‑а, м.

1. Разм. уст. Багацей, уладальнік тысячнага капіталу. [Старыцкі:] Вазьмі хоць Дзеркача — ёсць тут такі: Быў тысячнік, а стаў мільёншчыкам за вайну. Клімковіч.

2. Разм. Перадавы рабочы, калгаснік, які выконвае дзесяць і больш норм выпрацоўкі за змену. Вопыт тысячнікаў.

3. Разм. Той, хто налятаў, наездзіў тысячу кіламетраў, зрабіў тысячу скачкоў з парашутам і пад. Шафёр-тысячнік.

ты́сячніца, ‑ы, ж.

Жан. да тысячнік.

ты́сячны, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да тысяча. Тысячны кіламетр. // Частка, доля, атрыманая ад дзялення чаго‑н. на тысячу роўных частак. Тысячная доля мінуты. // Вельмі малая частка, доля чаго‑н. Пісьмо і тысячнай долі не раскажа таго, што хацелася сказаць. // Шматразовы, незлічоны. І што яно будзе? — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас. Ніхто нічога не рабіў, толькі збіраліся па хатах і тысячны раз апавядалі адны другім, што здарылася з эшалонам. Карпюк.

2. Які складаецца з тысячы якіх‑н. адзінак. Тысячны атрад. // Які складаецца з вялікай колькасці, мноства каго‑, чаго‑н., які налічвае тысячы. Калі падыходзіць час нерасту, рыба, асабліва каштоўная (кета, гарбуша, чавыча), тысячнымі чародамі заплывае з Ахоцкага і Берынгава мораў у рэкі Камчаткі. Гавеман.

3. Вартасцю ў тысячу рублёў. // Які ацэньваецца тысячамі рублёў. Тысячныя даходы. □ [Андрэй:] — А вось скажы ты мне праўду. Калі б я не быў басяком-выгнаннікам, а важным чыноўнікам з акладам у тысячу рублёў, тады колькі дзён туліў бы ты мяне? [Валоціч:] — Атрымай тысячны аклад, і тады пытайся... Колас.

тыта́н 1, ‑а, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа, а таксама нашчадак волатаў.

2. перан. Чалавек вялікага таленту, надзвычайнае розуму. Які віхар воплескаў заўсёды раздаваўся, калі ў прэзідыуме паказвалася гэта магутная фігура тытана чалавечай мыслі [А. М, Горкага]. Купала. Ф. Энгельс, характарызуючы выдатных дзеячаў эпохі Адраджэння, назваў іх тытанамі па сіле думкі, страсці і характару, па шматбаковасці і вучонасці. Алексютовіч.

[Грэч. titanos.]

тыта́н 2, ‑у, м.

Хімічны элемент, цвёрды метал серабрыста-белага колеру, які шырока выкарыстоўваецца ў караблебудаванні, ракетнай і авіяцыйнай тэхніцы.

тыта́н 3, ‑а, м.

Вялікі кіпяцільнік асобай канструкцыі. — А ты бачыла, што ўжо тытан закіпеў? — звяртаецца да Вольгі Фрося. Васілевіч.

тыта́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тытану, змяшчае ў сваім саставе тытан ​2. Тытанавыя руды. Тытанавы сплаў.

тытанамагнеты́т, ‑у, М ‑тыце, м.

Мінерал падкласа складаных вокіслаў; разнавіднасць магнетыту.