Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тырс, ‑а, м.

У грэчаскай міфалогіі — жазло Дыяніса (у рымскай — Вакха) і яго спадарожнікаў, абвітае плюшчом і вінаградным лісцем.

[Грэч. thyrsos.]

ты́рса, ‑ы, ж.

Від кавылю.

тырса́, ы́, ж.

Разм. Апілкі. Тырса, што сыпалася з дубовай, прарэзіны, была цёплая і мяккая, і Дзяніс, тады яшчэ падлетак, зграбаў яе са свайго лапця. Чыгрынаў. Побач з домікам — вароты, на ўсю шырыню іх каранцінная падушка з тырсы. Місько.

тырча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Разм. Тое, што і тарчаць. То там, то сям высока ў небе тырчалі трубы фабрык і заводаў. Колас. На лесвіцы нікога не было. Толькі ў шчыліне дзвярэй тырчала нейкая блакітная паперка. Арабей. Падышла царэўна да рыцара і ўбачыла на яго руцэ свой залаты пярсцёнак, а з кішэні ражок бацькавай хустачкі тырчыць... Якімовіч. Нікому не хацелася тырчаць на вуліцы, калі тут будзе рабіцца сапраўдны цуд, калі будзе рыхтавацца выбух, які пачуюць ажно ў самім Берліне. Бураўкін.

тырчко́м, прысл.

Разм. У вертыкальным становішчы; стаўма. Сабака прысеў на заднія лапы, паставіў тырчком вушы і чакае, калі да мяча наблізіцца Жорык. Даніленка.

тырчма́, прысл.

Разм. Тое, што і тарчма. А селянін зноў ставіў лапату тырчма і нагой моцна націскаў на яе. Васілеўская.

ты́сяцкі, ‑ая, ‑ае.

1. У Старажытнай Русі — начальнік ваеннага апалчэння.

2. Выбарная службовая асоба ад сялян, вясковы старшыня (да рэформы 1861 г.).

3. Галоўны распарадчык у старадаўнім рускім вясельным абрадзе.

ты́сяча, ‑ы, ж.; ліч. і наз.

1. Ліч. кольк. Лік і лічба 1000. Тысяча дзеліцца на 5. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000. Тысяча рублёў. Тысяча кіламетраў. □ У гэтым клубе было тысяча дзвесце месц для сядзення. Чорны. // Разм. Сума грошай, якая адпавядае гэтай лічбе. Нічыпар дастаў адкладзеную на падарункі тысячу, схаваў яе ў хкрыню. Асіпенка. Паддалася нарэшце ўгаворам. Прадала хату. Усяго і далі за яе якую тысячу. Але і тысяча на сяле немалыя грошы. Б. Стральцоў.

2. звычайна мн. (ты́сячы, ‑сяч). Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам і спевамі. Колас. Пахі тысяч кветак перамяшаліся ў гарачым паветры. Шашкоў. // Разм. Вялікія грошы, капітал. [Арцём:] — Цэгла — гэта нашы тысячы і пашана ў прыдачу! Ракітны.

3. У Старажытнай Русі — апалчэнне, якое дзялілася на сотні.

тысяча...

Першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які ўтрымлівае, мае тысячу, мноства чаго‑н., названага другой часткай слова, напрыклад: тысячагадовы, тысячагаловы, тысячатонны.

тысячагадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прадаўжаецца тысячу гадоў. Тысячагадовы перыяд.

2. Які існуе, жыве тысячу гадоў. Тысячагадовы баабаб.

3. Які налічвае тысячу гадоў. Тысячагадовы юбілей.

тысячагало́сы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з тысячы, мноства галасоў; які ўтвараецца тысячам, мноствам галасоў. Тысячагалосае «ура» перарвала яго прамову. Шамякін. / у вобразным ужыв. Белагрывыя хвалі з разгону кідаюцца на бераг, разбіваюцца аб камень, заліваюць яго сваімі салёнымі пырскамі, аглушаюць тысячагалосым гоманам і шумам. Бяганская.