Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

браха́ць, брашу, брэшаш, брэша; незак.

1. Падаваць адрывістыя гукі (пра сабаку, ліса і некаторых іншых звяроў); гаўкаць. Дзесьці далёка брахаў сабака, піснула палявая мыш. Чорны. Яшчэ нават не вельмі позна — у хатах, мусіць, гараць яшчэ агні, на вуліцах сярдзіта брэшуць і выюць сабакі. Якімовіч.

2. перан. Разм. Ілгаць, хлусіць, маніць; паклёпнічаць, нагаворваць, абгаворваць. У Алёнкі пратэст з душы выбіваецца. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Колас. — Чаго гэта мне брахаць? — націскае плячамі Пеця і падае Вольцы парожнія вёдры. — Я, канешне, мог памыліцца — гэта іншая справа, а брахаць... Вось што: гэта можам праверыць. Ракітны.

3. перан. Груб. Балбатаць, малоць языком, пустасловіць. А так Марцін спявае, брэша з хлопцамі.. — «вясёлы, жыццёвы дзядзька». Брыль. // Гаварыць непрыстойнае. Дня няма, Каб зранку.. [Кузьма] не наліваўся. ..Ідзе па вуліцы, шуміць, Бушуе, брэша і хаміць. Корбан.

•••

На ваду брахаць — прагна, многа, бясконца піць.

На пень брахаць — гаварыць непрыстойнасці, неразумнае.

брахіцэфа́л, ‑а, м.

Спец. Чалавек з кароткай галавой.

брахіцэфа́лія, ‑і, ж.

Спец. Форма чэрапе, у якой падоўжнае вымярэнне (ад асновы носа да патылічнага бугарка) толькі нязначна перавышае папярочнае.

[Ад грэч. brachys — кароткі і kephalē — галава.]

брахлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які любіць брахаць. Брахлівы сабака.

2. Які любіць хлусіць, маніць; ілжывы.

3. Балбатлівы, гаваркі. Брахлівы чалавек.

4. Які нагадвае сабачы брэх. Брахлівы гоман.

бра́хман, ‑а, м.

Чалавек, які належыць да вышэйшай касты (першапачаткова — касты жрацоў) у Індыі.

брахмані́зм, ‑у, м.

Старажытнаіндыйская рэлігія (вярхоўнае бажаство Брахма, або Брама), якая ўзнікла ў 10–9 ст. да н. э.

брахмані́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да брахманізму. Брахманісцкая рэлігія.

брахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да брахаць. Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Караткевіч. Сабака гэтакай сустрэчы не чакаў. Брахнуў, падціснуў хвост і дзёру даў. Корбан.

брахня́, ‑і, ж.

Разм. пагард. Няпраўда, хлусня, мана; паклёп, нагавор, абгавор. [Ціхан:] — Гітлераўцы тут брэшуць без дай меры штодня! А народ не верыць, не хоча верыць іхняй брахні, іхнім лістоўкам, іхнім газетам. Лынькоў. Я не хацеў, каб мой матэрыял назвалі брахнёй, і таму паставіў перад сабой задачу дакапацца да самай глыбіннай праўды. Сабаленка.

браху́н, ‑а, м.

Разм. пагард. Ілгун, хлус, манюка; паклёпнік, нагаворшчык. [Васіль Ціханавіч:] — Гітлераўцы пішуць, што ўзялі Маскву, Ленінград. Нават да таго, брахуны, дадумаліся, што абвясцілі, каб бралі прапускі, хто хоча ехаць у Маскву... Сіўцоў. // Той, хто любіць вельмі шмат, без меры гаварыць; балбатун, лапатун. З брахні не мруць, ды брахунам веры не даюць. Прыказка.