тыра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да тыран (у 3 знач.).
тыра́нскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да тырана, уласцівы тырану; жорсткі.
тыра́нства, ‑а, н.
1. Паводзіны, учынкі тырана (у 2 знач.). Тыранства памешчыкаў.
2. Дэспатызм, жорсткасць. Франс дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты. Караткевіч.
тыра́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Разм. Прыгнятаць, мучыць каго‑н.
тырк, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. тыркаць — тыркнуць.
ты́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Упірацца ў што‑н., даставаць да чаго‑н. Толькі калі нос лодкі тыркаецца ў бераг, каза выскоквае на зямлю і спрытна ўзбіраецца па абрыве ўверх. Каршукоў.
ты́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Тое, што і тыкаць. Ярошка са злосцю тыркаў пальцам у нейкую паперу. Броўка. [Байкоў:] — Што вы ўвесь час тыркаеце на Байкова? Шамякін. Гюнтэр Ліндэ не раз балюча тыркае ў худыя плечы Ота вострым канцом стэка. Бядуля.
2. Утвараць гукі (пра машыны, маторы і пад.). Жывы быў толькі матацыкл: ён усё тыркаў, гатовы зноў сарвацца з месца. Брыль. У Валілах тыркае буйнакаліберны кулямёт, гучыць пару спозненых вінтовачных стрэлаў. Карпюк.
ты́ркнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Аднакр. да тыркацца.
ты́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да тыркаць.
ты́рла, ‑а, н.
Абл. Месца на пашы, дзе стаіць жывёла (авечкі, каровы, коні) у час гарачыні або ноччу. [Гараська:] — А пастухі казалі, што вы нешта ўсё вакол каро[віна]га тырла кружылі. Якія ж там грыбы ў алешніку?.. Навуменка.