дзе́даўскі і дзядо́ўскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дзеда 1 (у 1, 2 знач.). Хата наша — яшчэ дзедаўская, малая і нізкая. Брыль. Першы раз .. пакідаю з прымусу Кут дзядоўскі, што казкамі здаўна пранік. Тарас.
2. Атрыманы ў спадчыну ад продкаў, уласцівы продкам; старадаўні; устарэлы. Дзедаўскі спосаб апрацоўкі зямлі. Дзедаўская тэхніка. Дзедаўскія звычкі.
дзе́даўшчына, ‑ы, ж.
Разм.
1. Спадчына пасля дзеда (пераважна зямельная).
2. Дзедаўскі, старадаўні спосаб, звычай. — А шум ужо даўно па раёне ідзе: пятроўцы назад пайшлі, на дзедаўшчыну павярнулі! Ракітны.
дзе́дзіч і дзе́дзіц, ‑а, м.
Гіст.
1. Наследнік дзедаўскага памесця, двара, маёнтка. Цяпер сын [пана] Крукоўскага прад’явіў свае прэтэнзіі. Дзед Хвядос так і сказаў: «прэтэнзіі». А калі ён дапасаваў гэтае хітрае слова да маладога дзедзіца, дык дабра не чакай. Бажко.
2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў; землеўладальнік. У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба. Караткевіч.
дзе́дка, ‑і, м.
Памянш.-ласк. да дзед 1.
дзеепрыме́тнік, ‑а, м.
Форма дзеяслова, у якой сумяшчаюцца адзнакі дзеяслова (час, стан, трыванне) і прыметніка (змена па родах, скланенне). Дзеепрыметнікі залежнага стану. Дзеепрыметнікі незалежнага стану.
дзеепрыме́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзеепрыметніка. Дзеепрыметная форма. // Выражаны з дапамогай дзеепрыметніка. Дзеепрыметнае словазлучэнне.
дзеепрысло́ўе, ‑я, н.
Нязменная форма дзеяслова, якая спалучае ў сабе адзнакі дзеяслова і прыслоўя. Дзеепрыслоўе цяперашняга часу. Дзеепрыслоўе прошлага часу.
дзеепрысло́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўная форма. // Выражаны з дапамогай дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўнае словазлучэнне.
дзе́жачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да дзежка; невялікая дзежка. Лазарыха наліла на патэльню з дзежачкі цеста і ўслухоўваецца ў сварку. Галавач. Зеленаватыя рыжыкі складаліся ў дзежачкі, гліняныя слоікі, саліліся. Васілевіч.
дзе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з прамых клёпак (для заквашвання цеста, салення і пад.). [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны. Шамякін. І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела І кідаў цеста ў скавародкі. Колас. [Дзед] зняў з вешалкі брызентавы плашч, у сенцах наліў з дзежкі ў біклажку квасу... Рылько.