Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дакуры́цца, ‑куруся, ‑курышся, ‑курыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скончыць курыцца, патухнуць; скурыцца, выкурыцца да канца. Галавешка дакурылася. Папяроса дакурылася.

2. Разм. Празмерным курэннем давесці сябе да непрыемных вынікаў. Дакурыцца да рвоты.

дакуры́ць, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., што.

Скончыць курэнне чаго‑н.; скурыць да канца. Дакурыць папяросу. □ Сцёпка дакурыў люльку, выбіў з яе попел, схаваў за пазуху і толькі тады падаўся памаленьку ў панскія пакоі. Якімовіч.

дакуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Разм. Незак. да дакучыць.

даку́члівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дакучлівага. Можна было б паехаць і зараз, але гэта палічаць за нясціпласць, нетактоўнасць, дакучлівасць. Караткевіч.

даку́члівы, ‑ая, ‑ае.

Які дакучае, назаляе. Пачаліся восеньскія дажджы, частыя і дакучлівыя. Галавач. Коні матлялі галовамі, адганялі дакучлівых аваднёў. Новікаў.

даку́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дакучлівы. Дакучны камарыны звон Над рэчкай замірае. Танк.

даку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Надакучыць, абрыднуць. Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога .. і лес усё ж такі дакучылі яму. Колас. А сонейка, сонейка, да заходзь жа скоранька! Як ты мне дакучыла, раненька усходзячы. З нар. песні.

дала́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даладзіць.

дала́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Закончыць наладжванне чаго‑н.; давесці да ладу. Даладзіць дзверы.

далажы́ць 1, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што і без дап.

1. Афіцыйна паведаміць, зрабіць даклад ​1 (у 2 знач.). — Таварышы, — звярнуўся Гуга да сходу: — да нас прыехаў наш таварыш і зямляк. .. У яго ёсць план работы, аб якім ён і даложыць вам. Колас. // Зрабіць данясенне, давесці да ведама. Пагранічнік далажыў начальніку заставы Мікалаю Іванавічу Свірыну пра здарэнне. Пальчэўскі. Келер пастроіў салдат і далажыў лейтэнанту, што скончылі аперацыю. Мележ. // Разм. Расказаць, паведаміць аб чым‑н. — А вас, панічыку, пыталася паненка, — далажыла бабка настаўніку, як толькі ён вярнуўся з гасцей. Колас.

2. Паведаміць начальніку, гаспадару аб прыходзе наведвальніка. Сакратар(к)а далажыла, і .. дырэктар згадзіўся прыняць наведвальніка. Шахавец.

•••

Далажыць па камандзе — далажыць вышэйшаму па рангу камандзіру.

далажы́ць 2, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што і чаго.

Палажыць дадаткова; дадаць, дакласці. Далажыць у сподак варэння. Далажыць грошай на пакупку.