Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

турнэ́, нескл., н.

1. Падарожжа па кругавому маршруту. Студэнты розных маскоўскіх вышэйшых навучальных устаноў робяць турнэ па Савецкай краіне. «Звязда». // Разм. Паход, паездка. Пасля гэтага турнэ ляснічага па ўсіх кварталах многія леснікі былі выкліканы ў канцылярыю. Сіняўскі.

2. Паездка артыстаў, спартсменаў на гастрольныя выступленні, спаборніцтвы і пад. Вядомы імпрэсарыо італьянец Латуза запрапанаваў мне гастрольнае турнэ па Еўропе. Рамановіч.

[Фр. tournee.]

турнэ́пс, ‑у, м.

Расліна сямейства крыжакветных, караняплоды якой ідуць на корм жывёле; кармавая рэпа.

турню́р, ‑а, м.

Модная ў канцы 19 ст. прыналежнасць жаночага туалету ў выглядзе падушачкі, якую падкладвалі над плацце ніжэй таліі для надання пышнасці фігуры. // Шырокая жаночая спадніца, прызначаная для нашэння з такой падушачкай.

[Фр. tournure.]

туро́к, ‑рка́, м.

Абл. Туркаўка. Калі ўвесь астатні хор пеўчых замаўкаў, [салавей] смялеў, але толькі да той хвіліны, пакуль яго не перабіваў турок, з асалодай буркуючы на леташнім гняздзе. Карамазаў. Дзесьці залівалася баязліва жаўна, ды ў вербалозах цяжка стагнаў турок. Хомчанка.

турпа́н, ‑а, м.

Вадаплаўная птушка сямейства качыных з чорнай або чорна-бурай афарбоўкай і шырокай дзюбай.

турпахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Турысцкі паход.

турухта́н, ‑а, м.

Балотная птушка з цёмным апярэннем, якая водзіцца ў тундры і ў лясной зоне Еўразіі. Даўганогія жоравы з турухтанамі збяруцца вялікімі кампаніямі на рыжым куп’істым балоце і давай адзін перад адным вытанцоўваць — хто больш прыгожае ды мудрагелістае каленца выкіне. Ігнаценка. Адбываліся ў пачатку лета жорсткія, але заўсёды бяскроўныя турніры птушак-турухтанаў, гэтых заўзятых дуэлянтаў. В. Вольскі.

турухта́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да турухтана.

турча́нка,

гл. туркі.

турча́ць, ‑чыць; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя для жаб гукі. Недзе далёка ў балотцах турчалі жабы — гэта, кажуць, на цяпло. Адамчык.

2. Тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы). Грыні заснуць, каб спачыць пасля дня ў турботах, толькі адны трактары будуць турчаць праз усю ноч, — але гэта далёка, пад Закалюжжам. Пташнікаў.