Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ткаць, тку, тчэш, тчэ; тчом, тчаце, ткуць; пр. ткаў, ткала; незак., што і без дап.

Вырабляць тканіну шляхам перакрыжаванага перапляцення ніцей асновы (падоўжных) і ўтку (папярочных). Ткаць палатно. Ткаць кужаль. Ткаць ручнікі. □ Тут [у хаце Нявады] стаялі кросны, і час ад часу Волька прыходзіла сюды ткаць зрэб’е на мяшкі і ручнікі. Чорны. Зімой работы няшмат .. Толькі жанчыны працуюць; да палавіны зімы прадуць, а потым ткуць. Брыль. // Займацца ткацтвам, быць ткачом, ткачыхай. Усё ўмее жанчына Рукамі рабіць: Ткаць на кроснах тканіну І трактар вадзіць, І ўзводзіць палацы І пакой прыбіраць. А. Астапенка. // Упрыгожваць тканіну тканымі ўзорамі, рысункамі. Ткаць кветкі на ручніках. // Плесці, віць. Павук тчэ павуцінне. // перан. Ствараць што‑н. Дзяжа не спіць, не можа спаць, Хоць сон і хіліць прыдрамаць, А думкі ткуць сваю тканіну. Колас. Залатой непарушнаю пражаю Тчэ гісторыю моладзь сваю. Астрэйка.

ткач, ‑а, м.

Рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку.

ткачы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Жан. да ткач.

ткну́цца, ткнуся, ткнешся, ткнецца; ткнёмся, ткняцеся; зак.

Разм.

1. Аднакр. да тыкацца ​1.

2. Звярнуцца да каго‑н., куды‑н., паспрабаваць уладкавацца дзе‑н., як‑н., накіравацца да каго‑н., куды‑н. [Кудзянаў:] — Дырэктар сказаў, што нам .. адпушчана паўмільёна.. А вось калі ткнуліся да гаспадарнікаў на заводзе, грошай не аказалася. «Маладосць». — Ткніся [Ганна] толькі туды, у раён! — сінеў Яўхім. — Толькі папробуй,.. пабачыш!.. Мележ. Калі ўжо сабраліся амаль усе выхаванцы, у сталоўку, нібы клубок, укаціўся Барыс. Ткнуўся ў адно месца — няма дзе сесці, у другое — таксама. Нядзведскі.

ткнуць, ткну, ткнеш, ткне; ткнём, ткняце; зак.

Разм.

1. Аднакр. да тыкаць ​1.

2. што. Рэзкім рухам змясціць што‑н. куды‑н. — Ага, — згадзілася .. [Таццяна] паслухмяна, ткнула папяроску ў попельніцу і паставіла яе на падлогу. Карпаў. Васіль вынес каробку-сявеньку. Спяшаўся.. Ткнуў сявеньку ў перадок. Мележ.