бэ́лечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бэлькі, зроблены з бэлек. Бэлечнае перакрыцце. Бэлечны мост.
бэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Драўляны, жалезны або жалезабетонны брус, які ўмацаваны канцамі ў дзве процілеглыя сцяны або ўстоі і служыць падтрымкай насцілу (падлогі, столі і інш.). Спачатку першыя бэлькі працягнуліся над адным паверхам, потым яны леглі над другім, затым над трэцім. Мележ. Дваццацідвухметровы вежавы кран спрытна падаваў на апошні паверх бетонныя бэлькі і цяжкія, пліты і ўкладваў іх на месца. Грахоўскі. // Трама. — На бэльцы праснака кавалак, дастань ды з’еш з малаком, — заўважыла Ганна, увайшоўшы з Якавам. Лобан. У хаце гарэла лямпа-пяцілінейка, падвешаная да бэлькі над сталом. Васілевіч.
бэ́ра, ‑ы, ж.
1. Пашыраны ў Беларусі сорт позняй грушы, якая прыносіць буйныя жоўтыя салодкія плады. Ужо апранаючыся, [Коля] глянуў праз акно ў садок: ці калыша там вецер галінкі маладых бэр і антонавак? Якімовіч.
2. Плод гэтай грушы. Ранішнімі першымі замаразкамі мерзлі перад вокнамі спелыя бэры. Чорны.
•••
Лошыцкая бэра — беларускі селекцыйны сорт грушы.
Слуцкая бэра — сорт бэры, якая распаўсюджана ў Беларусі на Случчыне.
бэ́рсацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Блытацца; заблытвацца. Бэрсалася ў нагах збажына. Хадкевіч.
бэ́рсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм.
1. Блытаць, заблытваць. Шукаючы травы, бо лугавіна ж голая, як бубен, каровы раз-пораз лезуць у жыта, бэрсаюць авёс, а пан злуе і ганяецца за мною. Бажко.
2. Няўмела або неакуратна вязаць, абвязваць што-н; плесці. — От не ўмешваліся б лепей, тата, не ў сваё. Бэрсаеце сетку, ну і бэрсайце. Пальчэўскі.
бэ́сціцца, бэшчуся, бэсцішся, бэсціцца; незак.
Разм.
1. Аддавацца распусце, распуснічаць. [Лука Якубавіч:] — Вока за.. [моладдзю] патрэбна, увага ёй, каб не бэсцілася залішне. Хадкевіч.
2. Зал. да бэсціць.
бэ́сціць, бэшчу, бэсціш, бэсціць; незак., каго-што.
Разм.
1. Лаяць, зневажаць, ганьбіць. Наталля гнеўна бліснула вачамі: не, таго, што яна лічыць святым, яна бэсціць не дасць! Скрыган. — Дурань стары! — ўскрыкнула аж бабулька і сціхамірылася, выліўшы вон усё накіпелае, забыўшыся, што, мо, і не след перад малым бэсціць гэтак дзеда. Шынклер.
2. Брудзіць, псаваць, даводзіць да непрыгоднасці што‑н. Бэсціць вопратку.
бэ́та, ‑ы, ДМ бэце, ж.
Назва другой літары грэчаскага алфавіта.
•••
Бэта-прамені — патокі электронаў ці пазітронаў, што выпраменьваюцца радыеактыўнымі рэчывамі.
бэтатро́н, ‑а, м.
Прылада для паскарэння электронаў да вялікіх энергій.